На «мільён налепак #ПагоняПобач» папрасілі грошы. Для пачатку — 5000 рублёў

Ілюстрацыйнае фота

Дзяніс Сьцяпура — былы міліцыянт і аўтар суполак «Герб Пагоня» ў шэрагу сацсетак — запусьціў на новай краўдфандынгавай плятформе MolaMola.by збор сродкаў на мільён вінілавых налепак зь беларускім гербам «Пагоня».

І на «мільён налепак #ПагоняПобач» просяць сабраць толькі 5000 беларускіх рублёў. Зрэшты, акрамя як у назьве кампаніі, пра менавіта мільён налепак ня кажуць — абяцаюць толькі «вялікі наклад».

Як патлумачыў на Facebook Павал Белавус — заснавальнік крамы Symbal.by, дзе працуе Сьцяпура, — сабекошт друку на самой справе большы, чым «мільён за 5000 рублёў»: пры друку ад 5000 налепак іх сабекошт будзе каля 0,1 рубля за налепку. Праўда, і збор грошай не абмежаваны пяцьцю тысячамі рублёў.

Налепкі зьбіраюцца бясплатна распаўсюджваць праз крамы, кавярні і культурныя прасторы. Раней «Арт-сядзіба» і Symbal.by бясплатна распаўсюджвалі іншыя рэчы, зьвязаныя з нацыянальнай сымболікай — сьцяжкі і стужкі.

«Ідэя ў тым, каб не раздаваць на вуліцах гэтыя налепкі ўсім спрэс, а зрабіць на базе існуючых месцаў сетку пунктаў па Беларусі і запрашаць узяць там гэтыя налепкі тым, каму яны патрэбныя, — тлумачыць Белавус. — Гэта яшчэ і спосаб наладжваньня камунікацыі ў розных гарадах людзей з аднолькавымі поглядамі, а таксама фактычна рэкляма гэтых пляцовак і прыцягненьне туды аўдыторыі».

Сама ж крама Symbal.by нядаўна зрабіла іншыя налепкі: з надпісам «Выконвай хуткасны рэжым» і малюнкам машыны зь бел-чырвона-белым сьцягам. Іх прадаюць за 1 рубель.

Гэта адказ Аляксандру Лукашэнку, які абурыўся такім надпісам па-беларуску на электронным табло на трасе. Надпіс неўзабаве пераклалі на расейскую.