Як сьвяткуюць Вялікдзень у памежнай палескай вёсцы. Фота

Да бліжэйшай царквы ад Семехавічаў 25 кілямэтраў. Яе жыхары прыдумалі, як прыгожа адзначаць галоўнае сьвята.

Вёска Семехавічы Пінскага раёну жыве амаль у ізаляцыі. Працяглы час сюды можна было трапіць толькі праз тэрыторыю Ўкраіны. Сваю дарогу пабудавалі пасьля пачатку ўзброенага канфлікту ў суседняй краіне, калі ўкраінскі бок вырашыў узмацніць кантроль сваіх межаў.

Стараста Семехавічаў Антаніна Чугай.



Адносная ізаляванасьць наклала на жыцьцё ў Семехавічах свае адметнасьці. Аўтобус зь Пінску сюды даяжджае толькі 4 разы на тыдзень. Аўтакрама — два. Да стацыянарнай крамы (яна ў паселішчы Жыдча) 25 кілямэтраў. Там жа знаходзіцца і бліжэйшая да Семехавічаў царква.



Да лета 2014 году жыхары Семехавічаў часта бывалі ва ўкраінскіх вёсках, дзе можна было схадзіць у краму па танныя тавары, а таксама памаліцца ў царкве. Аднак пасьля акупацыі Крыму гэта стала зрабіць значна цяжэй. Цяпер жыхары Семехавічаў бываюць у суседняй краіне вельмі рэдка.

Антаніна на Вялікдзень упрыгожвае дом саматканымі рушнікамі.



«Мы тут жывём самі па сабе, — расказвае стараста Семехавічаў Антаніна Чугай. — Цяпер у вёсцы у асноўным пэнсіянэры, ім цяжка так далёка езьдзіць. То мы нават на сьвяты не заўсёды выбіраемся ў царкву ў Жыдчу. Далёка да яе, ня проста дабрацца. Свой транспарт мала ў каго ёсьць, а аўтобус рэдка ходзіць».

Цяпер у Семехавічах жыве каля 20 чалавек.

На сьвяты ў Семехавічы таксама прыяжджаюць "дачнікі".



Цяпер у Семехавічах жыве каля 20 чалавек. Да Хойнаўскага сельсавету, якому адміністрацыйна падпарадкаваная вёска, 20 кілямэтраў. Адзіны прадстаўнік улады тут — стараста Антаніна. Яе жыхары выбралі самі за тое, што «яна можа ўсё вырашыць, дазвоніцца куды заўгодна».

Нягледзячы на дождж вяскоўцы вырашылі адзначаць Вялікдзень разам.



Праз аддаленасьць ад іншых паселішчаў і вёсак жыхары Семехавічаў вымушаныя часта зьвяртацца па дапамогу адзін да аднаго. Гэта паспрыяла таму, што нават рэлігійныя сьвяты тут прынята адзначаць разам, усёй вёскай.

Гульня ў "біткі"

Дождж скончыўся.



Летась вяскоўцы скінуліся грашамі і зрабілі ля крыжа ў цэнтры вёскі сталы з лавамі. Раней на сьвяты сюды выносілі мэблю з дамоў.

Вялікдзень — галоўнае сьвята ў праваслаўных палешукоў. Вернікаў іншых канфэсій і рэлігій тут амаль няма.



Стравы да сьвята пачынаюць гатаваць загадзя. Амаль усё, што гаспадыні прыгатуюць да Вялікадня, яны потым прынясуць на агульны сьвяточны стол ля стаўнога крыжа.

28 красавіка агульнае сьвяткаваньне ў цэнтры вёскі ледзьве не сарвалася. Ад раніцы ішоў моцны дождж. Аднак пазьней распагодзілася і вяскоўцы змаглі сабрацца разам ля крыжа.

Малітва



Сьвяткаваньне Вялікадня ў Семехавічах пачалося з агульнай малітвы.

За сталом у цэнтры вёскі сабраліся як яе пастаянныя жыхары, так і прыежджыя, якіх вяскоўцы называюць «дачнікамі». Гэта ў асноўным людзі, якія маюць карані ў Семехавічах, аднак цяпер жывуць у Пінску альбо іншых паселішчах рэгіёну, а ў Семехавічы прыяжджаюць толькі на лета альбо некалькі разоў на год. У тым ліку на сьвяты.



Традыцыя адзначаць разам важныя даты ў Семехавічах распаўсюджваецца ня толькі на рэлігійныя сьвяты. Кожную восень вяскоўцы разам адзначаюць канец збору ўраджаю бульбы. Яе таксама капаюць разам, а пасьля ладзяць у цэнтры вёскі адмысловае сьвята.



Нягледзячы на актыўнасьць вяскоўцаў, колькасьць жыхароў у Семехавічах пастаянна зьніжаецца. Паводле перапісу 1999 году, тут жылі больш за сто чалавек. У 2009-м — 64. Цяпер у гэтай вёсцы пастаянна жывуць каля 20 чалавек.