Сёньня ў нас гутарка зь пісьменьніцай Наталкай Бабінай, чалавекам моцна ангажаваным у абуджэньне і пашырэньне ўкраінскай нацыянальнай сьвядомасьці сярод карэнных жыхароў беларускага Заходняга Палесься (Берасьцейшчыны).
Тэма Палесься і яго моўнай, культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці, якую мы абмяркоўваем са спадарыняй Бабінай, мне вельмі блізкая, хоць я на беларускім Палесьсі ніколі ня быў. У мяне ёсьць «сваё Палесьсе» — то бок роднае Падляшша як заходняя пэрыфэрыя гэтага цывілізацыйнага і моўна-культурнага палескага комплексу, падзеленага паміж трыма краінамі. І ёсьць у мяне свой погляд на тое, што і як трэба рабіць, каб прадоўжыць жыцьцё ўнікальнай моўна-культурнай спадчыны гэтай зямлі. Мой погляд у некалькіх кардынальных пунктах разыходзіцца з поглядам Наталкі Бабінай.
Калі гаварыць пра самае асноўнае, дык спадарыня Бабіна лічыць, што:
- Берасьцейшчыне пагражае татальная моўна-культурная русыфікацыя, калі не спрабаваць прышчапіць яе карэнным жыхарам, якія яшчэ карыстаюцца палескімі гаворкамі, украінскую нацыянальную ідэнтычнасьць. Моўна-культурная ўкраінізацыя Берасьцейшчыны — гэта адначасова працэс, які дапаможа беларусам мацней усьвядоміць каштоўнасьць уласна беларускай мовы і культуры.
- Палескія дыялекты і гаворкі Берасьцейшчыны змогуць пратрымацца толькі тады, калі «прывязаць» іх да літаратурнай украінскай мовы. То бок (калі я добра зразумеў), пашырэньне веданьня ўкраінскага літаратурнага стандарту сярод берасьцейцаў нейкім чынам затармозіць сьмерць аўтэнтычных палескіх гаворак на вёсцы.
- Украінскі літаратурны стандарт мовы значна бліжэйшы да аўтэнтычных гаворак Заходняга Палесься, чым стандарт заходнепалескай мовы, які некалі ствараў Мікола Шаляговіч, або стандарт «сіманавіцкай мовы», які ў сваіх выданьнях прапанаваў нядаўна памерлы мовазнаўца Фёдар Клімчук.
З усімі гэтымі тэзісамі Наталкі Бабінай я не пагаджаюся, але ў нашай размове я стараўся пазьбягаць яўнай палемікі. Бо сэнс нашай гутаркі для мяне быў перш за ўсё ў тым, каб раскрыць, якімі матывамі кіруецца такая несумненна валявая асоба, як спадарыня Бабіна.
Сёньня я ня буду зьмяшчаць фрагмэнтаў выказваньняў свайго суразмоўцы, каб заахвоціць вас паслухаць гэтую «Гутарку зь Янам». Наталка Бабіна гаварыла «па-свойму» і папрасіла мяне, каб я не перакладаў яе выказваньняў на беларускую. Чаму так? — яна тлумачыць, адказваючы на маё першае пытаньне.
Слухайце падкаст.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.