Беларусь разьлічвае на транзытную ролю ў кітайскім лягістычным праекце і дадатковыя інвэстыцыі.
Дэпутаты з 24 краін, якія ўваходзяць у Парлямэнцкую асамблею АБСЭ, правядуць сёньня ў Менску адмысловую канфэрэнцыю «Адзін пояс — адзін шлях: паглыбленьне супрацоўніцтва ў імя ўстойлівага разьвіцьця і росквіту».
Яе арганізуе група падтрымкі «Шаўковага шляху», якую стварылі ў 2017 годзе ў Менску падчас правядзеньня тут штогадовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. За гэты час колькасьць удзельнікаў групы ўзрасла з 17 да 24 краінаў. Першая падобная канфэрэнцыя прайшла летась у Баку.
На сустрэчы чакаюць старшыню ПА АБСЭ, грузінскага дэпутата Георгія Цэрэтэлі, і кіраўніка групы падтрымкі «Шаўковага шляху», парлямэнтара з Азэрбайджану Азая Гуліева.
Дэпутаты будуць абмяркоўваць магчымы ўнёсак сваіх краін у гэты кітайскі праект.
Што такое «Шаўковы шлях»?
Вялікі шаўковы шлях — так называлася караванная дарога, што зьвязвала Ўсходнюю Азію зь Міжземнамор’ем у старажытнасьці і ў Сярэднявеччы. У першую чаргу гэты маршрут выкарыстоўваўся для вывазу шоўку з Кітаю, з чым і зьвязана яго назва.
У рамках сучаснай кітайскай стратэгічнай праграмы «Адзін пояс — адзін шлях» распрацоўваецца шэраг праектаў марскіх і сухапутных шляхоў паміж Эўропай і Кітаем пад агульнай назвай «Новы шаўковы шлях».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці браты навек беларус і кітаецРоля Беларусі ў «Шаўковым шляху»
Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук заяўляў, што ўлады Беларусі хочуць паказаць у гэтым праекце інвэстыцыйную І транзытную прывабнасьць краіны.
Беларусь хоча стаць мостам для сувязі Захаду і Ўсходу. Да таго ж ёсьць жаданьне скарыстацца магчымасьцямі беларуска-кітайскага парку высокіх тэхналёгіяў «Вялікі камень».
Экспэрт: марскі шлях, які абмінае Беларусь, для кітайцаў лепшы
Кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін скептычна ставіцца да спадзяваньняў беларускіх уладаў.
«Калі паглядзець на мапу, то, з аднаго боку, мы сапраўды можам служыць такім мастком. Кітай прытрымліваецца важнага прынцыпу — па магчымасьці перасякаць пастаўкамі сваіх грузаў як мага менш краін. Таму маршрут чыгункай праз Расею (і, натуральна, празь Беларусь), каб пастаўляць свае тавары ў Эўропу, выглядае на першы погляд лягічным. Але такі варыянт прымушае Кітай дамаўляцца з расейскай, беларускай і эўрапейскай бюракратыяй. Да таго ж Расея нядаўна падняла тарыфы на перавозкі грузаў па сваёй чыгунцы. Кітайцы з гэтага нічога добрага ня бачаць», — тлумачыць экспэрт.
Яўген Красулін зьвяртае ўвагу на тое, што кітайцы знайшлі іншы варыянт.
«Яны зараз будуюць новы шлях да найбліжэйшага порта. Гэтая дарога вядзе толькі праз адну краіну — Пакістан — да порта Карачы. І адтуль морам можа накіроўваць грузы на рынкі Афрыкі, Блізкага Ўсходу, Эўропы. Гэта значна прасьцей і, відаць, таньней. І, калі параўноўваць два шляхі, то мне падаецца, кітайцы спыняцца на марскім», — мяркуе Яўген Красулін.