У дачыненьні да кіраўнікоў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Ўкраіны Леаніда Кучмы рэалізоўвалася адна схема дыскрэдытацыі, заявіў былы ўкраінскі пасол у Менску (2010–2011) Раман Бясьсмертны ў інтэрвію ўкраінскаму каналу ЧП Info, паведамляе БелаПАН.
Былы дыплямат, які ў 1997–2002 гадах быў прадстаўніком прэзыдэнта Леаніда Кучмы ў парлямэнце краіны, параўнаў «касэтны скандал» ва Ўкраіне і зьнікненьні беларускіх палітыкаў. «Касэтны скандал» распачаўся ў лістападзе 2000 году пасьля апублікаваньня магнітафоннага запісу, зробленага маёрам дзяржаўнай аховы Мікалаем Мельнічэнкам нібыта ў кабінэце Кучмы, дзе той аддаваў загад разабрацца з апазыцыйным журналістам Георгіем Гангадзэ, які зьнік у сярэдзіне верасьня 2000 году. У Беларусі ў 1999 годзе бясьсьледна зьніклі экс-міністар унутраных справаў Юры Захаранка і былы кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар. У тым жа годзе пры не да канца высьветленых абставінах памёр віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Генадзь Карпенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ведаем, хто гэта ўчыніў», — сваякі зьніклых апанэнтаў Лукашэнкі камэнтуюць прыпыненьне спраўПаводле словаў Бясьсмертнага, ён хацеў звольніцца яшчэ да «касэтнага скандалу», але, убачыўшы, што «фактычна ўсе разьбегліся», застаўся з Кучмам. «Калі б вы ўбачылі, што сыстэма развальваецца, і зразумелі, што паміж абвінавачваньнямі Кучмы і развалам Украіны як дзяржавы дыстанцыя вельмі кароткая, як бы вы паступілі? Па-мойму, гэта пытаньне трывіяльнае. Потым, калі я стаў амбасадарам у Беларусі, я даведаўся пра тое, як па той жа схеме Лукашэнку зрабілі ручным. А ўжо да таго я ведаў гісторыю 96-га, 97-га гадоў, як увесь час Кучму заганялі ў кут. Ён адтуль выскокваў. А прайшоўшы праз 2014 год, я ўпэўнены ў тым, што сытуацыя, якая распрацоўвалася пазьней стасоўна Лукашэнкі ці паралельна, дакладна такая ж распрацоўвалася і стасоўна Кучмы», — заявіў Раман Бясьсьмертны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гангадзэ — Кучма, Шарамет — Лукашэнка?«Стужкі Мельнічэнкі» ён не назваў фальшывымі, але ахарактарызаваў іх як «добра распрацаваную апэрацыю з удзелам замежных спэцслужбаў, з выкарыстаньнем сваіх жа ўкраінскіх службовых асобаў, якія спрычыніліся да гэтага». «І гэтая апэрацыя была распрацавана для таго, каб дыскрэдытаваць прэзыдэнта», — сказаў палітык.
«Яшчэ раз скажу, — працягнуў ён, — ужо калі стаў паслом, я атрымаў інфармацыю аб тым, як забівалі Захаранку, міністра ўнутраных справаў, як давялі да сьмерці намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі, як перад гэтым (насамрэч пазьней. — БелаПАН) забілі старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі і г. д., і ўсё гэта вешалася на Лукашэнку — стала відавочна, што працавала схема, як загнаць Кучму ў кут».
Бясьсьмертны не сказаў, выведкі якіх краінаў займаліся дыскрэдытацыяй кіраўнікоў дзяржаваў, аднак раней вядомы ўкраінскі журналіст Дзьмітрый Гардон неаднаразова заяўляў, што кабінэт Кучмы праслухоўвалі расейскія спэцслужбы.
Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых у 1999 годзе Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзены па палітычных матывах, і падазраюць у датычнасьці да гэтых злачынстваў вышэйшых службовых асобаў краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада Эўразьвязу працягнула абмежавальныя меры ў дачыненьні да Беларусі на годЦяпер пад дзеяньнем візавых і эканамічных санкцый Эўразьвязу застаюцца чацьвёра грамадзян Беларусі, якіх ЭЗ лічыць датычнымі да зьнікненьня палітыкаў: Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных справаў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС).