У «Белтэлекаме» не пацьвердзілі Свабодзе інфармацыю пра магчымае затрыманьне гендырэктара Сяргея Сівадзедава, якая ў канцы мінулага тыдню зьявілася ў сацсетках. Але шэраг СМІ паведамляе пра гэта са спасылкамі на ўласныя крыніцы.
Партал Tut.by са спасылкай на чатыры неназваныя крыніцы паведаміў, што Сівадзедаў сапраўды затрыманы. Таксама неафіцыйныя зьвесткі пра затрыманьне перадаюць Onliner.by і БелаПАН.
Як на мінулым тыдні паведамілі ў тэлеграмканале ekanomika, «кіраўніка „Бетэлекаму“ з панядзелка няма на працоўным месцы».
«Прымаем інфу пра тое, якое ведамства яго ўзяло за белы ручкі», — пісалі тады.
У прыёмнай гендырэктара карэспандэнту Свабоды сказалі, што Сяргей Сівадзедаў знаходзіцца «з панядзелка на бальнічным, хварэе». У прэс-службе «Белтэлекаму» сказалі, што «ня маюць ніякай інфармацыі».
Tut.by таксама не атрымаў афіцыйнага пацьверджаньня затрыманьня і спасылаецца на неназваныя крыніцы. У КДБ, адзначае партал, інфармацыю пра затрыманьне не пацьвердзілі і не абверглі. Мабільны тэлефон Сівадзедава недасяжны, апошні раз ён заходзіў у Viber 19 красавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы намесьнік дзяржсакратара Рады бясьпекі, былы начальнік аховы Лукашэнкі, — СМІ