25 красавіка адзначае юбілей Зінаіда Бандарэнка — народная артыстка Беларусі, самы пазнавальны твар Беларускай тэлевізіі, дзе яна працавала амаль 40 гадоў.
Зінаіда Бандарэнка пайшла з тэлевізіі ў сярэдзіне 1990-х. Да мінулага году вучыла аратарскаму і дыктарскаму майстэрству журналістаў, студэнтаў, школьнікаў і бізнэс-лэдзі.
Карэспандэнты Свабоды сустрэліся зь юбіляркай і пагарталі яе сямейны альбом.
Скончыла мэдыцынскую вучэльню, але марыла стаць артысткай
Зінаіда Бандарэнка нарадзілася ў 1939 годзе ў Менску ў сям’і доктара. Жылі ў інтэрнаце мэдінстытуту на вуліцы Ленінградзкай. Калі пачалася вайна і Менск пачалі бамбіць, маці з маленькімі сынам і дачкой пайшла пешшу на Гомельшчыну да сваякоў. Жылі спачатку ў вёсцы Ўборак Лоеўскага раёну, потым пераехалі ў Гомель.
Яшчэ ў школе Зінаіда Бандарэнка захапілася тэатрам, займалася ў драматычным гуртку. У 8-й клясе выканала галоўную ролю ў спэктаклі «Юбілей» паводле Чэхава, і адразу ж яе сталі зваць «Бандароўнай» і «артысткай».
Але пасьля 10-й клясы дзяўчына вымушана была паступаць у мэдвучэльню.
«Я ў 8-й клясе захварэла на плеўрыт. Пераплывала Сож у сярэдзіне траўня, спачатку крыху „патрэсла“ мяне, а празь нейкі час выявілі сур’ёзную хваробу, лячыць якую давялося доўга. А бацька мой быў галоўным урачом сухотнага шпіталя, і калі гэта здарылася, ён адразу зарыентаваў мяне на мэдвучэльню, бо ў мэдінстытут у тыя часы паступіць было нерэальна — конкурсы былі проста шалёныя», — узгадвае Зінаіда Бандарэнка.
На тэлевізію трапіла празь вялікі конкурс
Адначасова Зінаіда займалася ў тэатральнай студыі Палаца культуры. У музычнай камэдыі зь песьнямі і танцамі «Любоў і бульба» яе заўважыў малады канструктар «Гомсельмашу» Генадзь Кап’ёў, які вельмі хутка заваяваў сэрца артысткі, і яны пажаніліся.
А кіраўніком тэатральнай студыі быў рэжысэр Гомельскай тэлевізіі Сяргей Паўлавіч Астравумаў. Дарэчы, тэлевізія ў Гомлі зьявілася значна раней, чым у Менску — у 1954 годзе.
На Гомельскай тэлестудыі аб’явілі конкурс на дыктараў. Астравумаў і параіў 20-гадовай безь пяці хвілін мэдсястры выпрабаваць сябе, хоць яна і працівілася, бо рыхтавалася паступаць у мэдінстытут. Галоўны аргумэнт, які падзейнічаў, — рэжысэр сказаў, што ёй будзе проста цікава.
«На конкурс прыйшла вялікая колькасьць людзей. Рэпэтырую я каля вакна, прагаворваю тэкст. І раптам чую размову дзьвюх маладых прыгожых жанчын у такіх шыкоўных палянтынах з футра (хоць лета было). Адна другой кажа: «Мой сусед, які працуе рэжысэрам на тэлестудыі, казаў: „Калі прыйдзе Бандарэнка, вам тут няма чаго рабіць. А калі не (бо яна плянуе ў мэдінстытут паступаць), то ў вас ёсьць шанец“. Я і не падумала, што размова ідзе пра мяне...
Карацей, конкурс я прайшла. Былі яшчэ заняткі і іспыты ў мэдвучэльні, а мяне прысьпешвалі, бо дыктарка мусіла ісьці ў дэкрэтны водпуск.
І як толькі я ўвайшла ў студыйны павільён, як толькі я ўбачыла аграмадныя камэры, сафіты, жураўлі-мікрафоны, я была зачараваная!
Першы заробак атрымала — ажно 1500 рублёў. Мама заплакала, бо мы ніколі ня бачылі такіх грошай», — успамінае Зінаіда Бандарэнка.
Пераехаць у Менск пагадзілася не адразу
Раней не было рэтрансьлятараў, не маглі трансьляваць «карцінку» з Гомля, Віцебска ці Берасьця. Таму супрацоўнікі абласных студый прыяжджалі ў Менск са сваімі праграмамі.
«І вось на дні Гомельскай вобласьці мы прыехалі ў Менск. Літаральна на наступны дзень мяне выклікаў кіраўнік Беларускай тэлевізіі Васіль Несьцяровіч і прапанаваў пераехаць працаваць у сталіцу. Але я была ўжо замужам і цяжарная. Я пасаромелася ў гэтым прызнацца, таму сказала: «Не, я патрыётка свайго гораду. Не магу пераехаць у сталіцу», — так абгрунтавала сваю адмову будучая зорка.
Нарадзіўся сын, маладая сям’я жыла ў бараку без выгод, у адным пакоі з маці. У Гомлі надзеі на паляпшэньне жыльлёвых умоваў не было. І аднойчы муж Зінаіды Генадзь Кап’ёў, быўшы ў службовай выправе ў Менску, завітаў да таго самага старшыні Дзяржтэлерадыё Несьцяровіча і нагадаў, што ягонай жонцы прапаноўвалі тут працу. Неўзабаве сям’я пераехала з Гомля ў Менск.
Вяла ў Маскве праграму «Беларусь мая сінявокая»
А потым пачалася напружаная праца: выпускі навін, бясконцыя камандзіроўкі па ўсім Савецкім Саюзе, канцэрты, стажыроўкі, навучаньне ў Маскве. Аднойчы з так званымі «Днямі культуры Беларусі» давялося падарожнічаць па сібірскіх гарадах ажно 40 дзён запар!
«Куды б я ні ехала, заўсёды з узьнёслым пачуцьцём. Але праз два дні так хочацца ў Беларусь!
Я ўспамінаю паездку ў Маскву, у спарткомплексе „Алімпійскі“ цягам некалькіх дзён мы паказвалі праграму „Беларусь мая сінявокая“, дзе былі ўсе славутыя калектывы — цэлы цягнік беларускіх артыстаў прыехаў у Маскву.
А калі ад’яжджалі, так засмуціліся! Бо мы ўпрыгожылі сцэну цудоўнымі творамі нашых ткачых — яны саткалі два вялікія ручнікі па 30 мэтраў даўжынёй і 3 мэтры шырынёй. Ручнікі былі незвычайнай прыгажосьці! А калі пасьля канцэртаў здымалі, згортвалі ў сувой, аднаго рушніка ўжо не было. Яго проста скралі! Вось так кралі ў нас слуцкія паясы... Так што Масква ёсьць Масква, свайго ня ўпусьціць!», — з усьмешкай расказвае Зінаіда Бандарэнка.
Моду на вышыванкі ўводзіла ў 1960-х
Яшчэ працуючы на Гомельскай студыі тэлевізіі, Зінаіда Бандарэнка пачала апранацца ў стылізаваныя вышываныя строі. Рыхтавалі тады праграму да Дня Канстытуцыі, і ідэю надзець вышыванку Зінаіде падказаў той самы галоўны рэжысэр Сяргей Астравумаў.
«Я хуценька схадзіла ў атэлье, і жанчынкі пашылі мне вельмі прыгожы блюзон з арнамэнтам і сарафан з вышыўкай. А потым, калі ўжо працавала ў Менску, я замаўляла льняныя сукенкі з вышыўкай, блюзкі, сарафаны ў Доме мадэляў. Тады ж фігуры ў нас былі больш мажныя, і дырэктар Дома мадэляў Анатоль Пятровіч Гусар сьмяяўся: «Вось гэтая Бандарэнка быццам бы і пышная, а ў які строй не апранецца, усё на ёй ладна сядзіць», — расказала Зінаіда Бандарэнка.
Усе канцэрты, Дні культуры Беларусі ў Расеі ды іншых рэспубліках Бандарэнка прынцыпова вяла ў традыцыйным строі па-беларуску.
Навучылася ў эстонскай дыктаркі патрыятызму
Першы крок да свайго «Шляху да Беларусі» (так называецца кніга Аляксандра Тамковіча, якая неўзабаве выйдзе) Зінаіда Бандарэнка зрабіла ў Маскве. І падказала яго ёй дыктарка Эстонскай тэлевізіі. Тады канцэрты да Дня савецкай Канстытуцыі праходзілі ў Маскве, і запрашалі дыктарак усіх саюзных рэспублік, якія чыталі вершы сваіх нацыянальных паэтаў у перакладзе на расейскую мову.
«У Тальвік, дыктаркі Эстонскай тэлевізіі, на заканчэньні верша была фраза: „Эстонія — советская страна“. А яна прачытала верш на свой лад, але ў ім быў такі глыбокі палітычны сэнс!
На тракце яна ўзьнёсла прамаўляе: „Эстония — моя страна!“ Яе паправілі: „Это не твоя страна, это советская страна“. Эстонка кажа: „О, да-да, я вечером скажу правильно“. Але на запісе з гледачамі яна ўсё адно сказала „Эстония — моя страна!“ Так і пайшло ў эфір.
Яна ўсім дыктарам астатніх рэспублік падказала, што трэба рабіць. І на наступны год я гэта ўзяла сабе на заметку і чытала сваё, як я хацела», — прызнаецца Зінаіда Бандарэнка.
Танцавала зь Юрыем Гагарыным, але ён падмануў
Аднойчы на вучобе ў Маскве Зінаідзе Бандарэнцы даручылі дамовіцца зь Юрыем Гагарыным, каб ён сустрэўся з дыктарамі саюзных рэспублік. Яна паехала з рэдактарам папулярнай праграмы «Эстафета новостей» Міколам Мітрохіным у Таварыства савецка-кубінскай дружбы, і рэдактар пазнаёміў яе з Гагарыным.
«Я расказала Гагарыну пра Белавескую пушчу, а ён, аказваецца, любіў паляваньне. Запрасіла яго ў Беларусь, і ён паабяцаў прыехаць. Пагадзіўся назаўтра сустрэцца і з дыктарамі.
Які ён абаяльны, якая ў яго непараўнальная харызма, усьмешка была! Нездарма выбар Каралёва выпаў на Гагарына — быць першым.
На наступны дзень мы з дыктарамі чакалі першага касманаўта, але ён не прыехаў, бо напярэдадні сустракаўся з ткачыхамі. Замест Гагарына на сустрэчу з намі прыехаў Герман Цітоў. Таксама вельмі абаяльны», — дзеліцца ўражаньнямі Зінаіда Бандарэнка.
Тэлевізію пакінула праз Лукашэнку
У 1996 годзе Аляксандар Лукашэнка прыехаў на тэлевізію, каб аддзячыць журналістам за падтрымку на рэфэрэндуме. Сустрэча ладзілася ў самай вялікай студыі, «шасьцісотцы». Кіраўніцу групы дыктараў і старшыню «жаночага савету» Зінаіду Бандарэнку напярэдадні выклікаў тагачасны старшыня Беларускага радыё і тэлевізіі Рыгор Кісель і прапанаваў выступіць. У асноўным выступоўцы казалі пра састарэлую тэхніку, пераабсталяваньне. Бандарэнка выступала апошняй.
«Я казала пра людзей, пра малыя заробкі, пра тое, што як прыйшла новая ўлада, прафэсіяналаў пачалі выціскаць, не даючы дапрацаваць да пэнсіі. І калі Аляксандар Рыгоравіч ужо падводзіў вынікі, засяродзіў увагу на маім выступе. Прамаўляў па-расейску: „Зіна гаварыла, як заўсёды, па-беларуску, гэтым яна стварае свой імідж, за гэта яе любіць народ. Ну калі вам так падабаецца гэтая мова, я найму людзей, няхай мне пішуць там, а я вам буду тут чытаць па-беларуску“.
Ён глядзіць мне ў вочы, а я кажу: „Аляксандар Рыгоравіч, а чаму не? Гэта ж наша родная мова, матчына мова“. Лукашэнка адказвае: „Добра, Зіна. Я так і зраблю“.
А ззаду шэпчуць рэжысэры: „Эх ты, дурніца, паставіла крыж на сваёй кар’еры!“».
І народная артыстка адразу адчула ціск. Аднойчы Міхаіл Фінберг, у аркестры якога Бандарэнка працавала вядоўцай і які быў сэнатарам, сказаў ёй адкрытым тэкстам, што даведаўся: яе будуць звальняць. Тады Бандарэнка сама напісала заяву па ўласным жаданьні.
«Адпрацавала я яшчэ два месяцы. Прыходжу ў аддзел кадраў, а мне кажуць, што заява не падпісаная. Другі, трэці раз — тое самае. Іду да Рыгора Кісяля, а ён «сыграў»: «У мяне не падымаецца рука падпісаць вашу заяву». Я кажу: «Няхай яна падымецца», — згадвае народная артыстка.
Расчараваная і беларускімі, і расейскімі тэлеканаламі
На думку Зінаіды Бандарэнкі, ад вядоўцаў з тэлеэкранаў часьцяком ідзе агрэсія, а так не павінна быць.
«Журналістаў з добрай размаўляльнай манерай цяпер амаль няма. Ад нас раней патрабавалі менавіта размаўляльнай манеры, душэўнасьці, трэба было ўмець спалучаць свае асабістыя якасьці з тым матэрыялам, які атрымліваеш. Нават складаны палітычны тэкст ня трэба перадаваць так агрэсіўна, як робяць сучасныя вядоўцы. Вельмі нядобры ўплыў ідзе на гледачоў ад расейскіх вядоўцаў кшталту Скабеевай, Салаўёва, Кісялёва, у іх проста нейкія дваровыя манеры», — выказала свой погляд Зінаіда Бандарэнка.
На яе думку, няма і беларускай тэлевізіі, паўнавартасных нацыянальных каналаў.
«Я не лічу БТ-1 нацыянальным беларускім каналам. Там бясконцыя расейскія сэрыялы, агрэсіўныя ток-шоў. І першы, і другі, і трэці беларускія каналы мне сорамна глядзець.
Дый наагул, пакуль СМІ шмат робяць, каб беларусы заставаліся пад гіпнозам. Вось гэты гіпноз, які ідзе з экранаў, прымушае людзей быць абмежаванымі», — мяркуе Зінаіда Бандарэнка.
Спадзяецца на прыклад Украіны і на сьвядомую беларускую моладзь
Зінаіда Бандарэнка ў будучыню Беларусі глядзіць з аптымізмам. Яна спадзяецца, што беларусаў можа натхніць прыклад суседняй Ўкраіны, дзе за гады незалежнасьці выбралі ўжо шостага прэзыдэнта.
«У мяне надзея, што тое, што зрабіла Ўкраіна, падкажа і нам выйсьце. Я ня так ужо падтрымліваю кандыдатуру Зяленскага, якога некаторыя называюць прарасейскім. Але яму не дадуць зрабіць таго, што народ не захоча. Людзі Ўкраіны ўжо зусім іншыя.
Я таксама веру, што беларуская моладзь падкажа выйсьце з нашай беспрасьветнай сытуацыі. Я вельмі паважаю Паўла Севярынца, Зьмітра Дашкевіча, якія цярпяць, сядзяць на сутках, атрымліваюць штрафы, але працягваюць адстойваць Курапаты», — выказвае спадзяваньні народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.