У сакавіку працаўнікам у Беларусі налічылі ў сярэднім 1056,9 рубля, паводле зьвестак Белстату. Па курсе даляра за сакавік гэта 497 даляраў.
У лютым беларусы атрымалі 977,6 рубля.
Да «па пяцьсот» даляраў, якія Аляксандар Лукашэнка абяцае больш як 12 гадоў, заробкі падскоквалі ў сьнежні 2018 году, але ўпалі ўжо ў студзені. Заробкі ніжэйшыя за 500 даляраў у тым ліку на большасьці прамысловых прадпрыемстваў — ёсьць такія заводы, дзе налічваюць менш за 300.
За апошнія чатыры гады самы вялікі сярэдні заробак беларусы мелі ў сьнежні 2014 году, тады ён быў 623 даляры. На 126 даляраў вышэй, чым цяпер.
Сярэдні налічаны заробак — ня той, што атрымлівае на рукі сярэднестатыстычны беларус. Гэта сума да вынятку падаткаў і збораў, якая вылічваецца праз складаньне ўсіх заробкаў і дзяленьне на колькасьць працаўнікоў.
Заробак сярэднестатыстычнага беларуса (адносна якога палова атрымлівае больш, а палова менш) завецца мэдыянным, у лістападзе мінулага году 751,1 рубля – крыху больш за 350 даляраў. Наяўных рэсурсаў на чалавека (улічваючы дзяцей і пэнсіянэраў) у 60% беларусаў менш за 500 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заробак менш за 600 рублёў — гэта няправільна», — першы віцэ-прэмʼер