Міністэрства адукацыі Туркмэністану апублікавала сьпіс замежных ВНУ, дзе змогуць вучыцца студэнты з Туркмэністану. Сярод іх толькі адна беларуская — БДУ.
Цяпер у Туркмэністане ўводзіцца новы парадак прызнаньня дыплёмаў замежных вышэйшых навучальных установаў. Пералік ВНУ, дыплёмы якіх будуць прызнавацца ў краіне, абнародавалі напярэдадні.
22 красавіка ў распараджэньне рэдакцыі Радыё Азатлык трапіла копія новага сьпісу напрамкаў і спэцыяльнасьцяў, якія Туркмэністан з гэтага часу ня будзе прызнаваць. У сьпісе пералічаныя ня назвы ВНУ і краінаў, а назвы прафэсійных напрамкаў.
Так, прызнавацца ня будуць атрыманыя за мяжой дыплёмы ў 146 прафэсіях, у тым ліку на такіх кірунках, як: журналістыка, спартовая і міжнародная журналістыка, банкаўская справа, фінансы, бізнэс-улік, сусьветная эканоміка, міжнародныя адносіны, дыпляматыя, права, мэнэджмэнт, сельскагаспадарчая эканоміка, падаткі, прамысловая інжынэрыя, сацыялёгія, паліталёгія, тэлевізія; антрапалёгія, ангельская, арабская, індыйская, гішпанская, кітайская, карэйская, нямецкая, фарсі, расейская, турэцкая, туркмэнская, француская і японская мовы, тэалёгія і шматлікія іншыя.
Адзначаецца, што дыплёмы 1000 самых аўтарытэтных унівэрсытэтаў сьвету, якія ўваходзяць у сьпіс «Тор 1000», могуць быць прызнаныя ў выглядзе выключэньня. Сьпісам «Тор 1000» якога міжнароднага агенцтва або выданьня будзе кіравацца Туркмэністан, застаецца невядомым. Ніводзін унівэрсытэт Туркмэністану пакуль не ўваходзіць ні ў адзін сьпіс аўтарытэтных ВНУ.
Інфармацыя, якая паступіла ў рэдакцыю Азатлык, заснаваная на афіцыйным лісьце першай намесьніцы Мінадукацыі Беларусі Ірыны Старавойтавай, разасланым у органы і арганізацыі вышэйшай адукацыі, Таварыства спажыўцоў, Фэдэрацыю прафсаюзаў ды іншыя адпаведныя дзяржаўныя органы. У ім сказана наступнае:
«Аб палажэньні, прынятым у Туркмэністане, аб прызнаньні замежных дыплёмаў: паводле ліста за нумарам 02-07 /275, адпраўленага амбасадай Туркмэністану ў Рэспубліцы Беларусь 12 красавіка 2019 году, даводзім да вашага ведама, што Міністэрства адукацыі Туркмэністану апавясьціла беларускі бок пра палажэньне аб прызнаньні пасьведчаньняў аб вышэйшай адукацыі, атрыманых у замежных дзяржавах», паведамляецца ў лісьце.
Да афіцыйнага ліста прыкладзены сьпіс спэцыяльнасьцяў па грамадазнаўстве і гуманітарных навуках, якія ня будуць прызнавацца ў Туркмэністане, пачынаючы з 2019 году. Мінадукацыі Беларусі даручае ўнівэрсытэтам улічваць гэтую інфармацыю пры прыняцьці грамадзян на навучаньне.
Афіцыйная прадстаўніца Мінадукацыі Беларусі Людміла Высоцкая 22 красавіка пацьвердзіла Радыё Азатлык інфармацыю пра тое, што адпаведныя дзяржаўныя ўстановы атрымалі афіцыйны ліст з такім зьместам.
Зацьверджаны Міністэрствам адукацыі Туркмэністану пералік замежных ВНУ, дыплёмы якіх будуць прызнавацца ў краіне, быў абнародаваны напярэдадні. Паводле сьпісу, сярод ухваленых навучальных установаў дзясяткі ўнівэрсытэтаў Расеі, Індыі, Турэччыны, два ўнівэрсытэты Казахстану, каля сотні ВНУ Кітаю і толькі адна беларуская — Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт.
На пачатак 2018/2019 навучальнага году, паводле Белстату, колькасьць туркмэнскіх студэнтаў у беларускіх ВНУ складала 7749 чалавек. Гэта 50% усіх замежных студэнтаў у Беларусі.
Студэнты з Туркмэністану вучацца амаль у кожным унівэрсытэце Беларусі. Сярод іх папулярныя такія ВНУ, як БДУІР, БНТУ, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт, Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка, Баранавіцкі ўнівэрсытэт ды іншыя.