Дырэктарка асьветніцкага цэнтру «Экумэна» Натальля Васілевіч расказала на Facebook пра сустрэчу з прадстаўнікамі кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы, якая адбылася 18 красавіка ў Менскай епархіяльнай управе.
Натальля Васілевіч згадвае: пасьля зносу крыжоў у мэмарыяле Курапаты вернікі папрасілі яе скласьці зварот да мітрапаліта Паўла. 5 красавіка яна перадала ў эпархію просьбу аб сустрэчы зь мітрапалітам, 7 красавіка разам з Натальляй Гарковіч пасьля літургіі перадала асабіста мітрапаліту чарнавік звароту з сабранымі на той момант подпісамі. Мітрапаліт урэшце не пайшоў на сустрэчу сам, а даручыў гэта прэс-сакратару БПЦ Сергію Лепіну і сакратару Менскага эпархіяльнага ўпраўленьня Андрэю Волкаву.
Да сустрэчы ўдалося сабраць 100 подпісаў, у тым ліку 8 ад сьвятароў. Васілевіч адзначае, што шэраг сьвятароў і вернікаў адмовіліся падпісваць зварот з прычыны «высокага ўзроўню недаверу кіраўніцтву БПЦ як інстытуту, здольнаму адэкватна і станоўча паўплываць на вырашэньне сытуацыі ў Курапатах».
На сустрэчы Васілевіч расказала пра сытуацыю ў Курапатах і рэакцыю грамадзкасьці, канстатавала рост недаверу да БПЦ і заўважыла, што «ў сытуацыі пратэсту тыя заклапочаныя памяцьцю ахвяраў палітычных рэпрэсіяў праваслаўныя вернікі, якія не змаглі абаперціся на маральнае меркаваньне Беларускай Праваслаўнай Царквы наконт Курапатаў, вымушана ўдзельнічаюць у ініцыятывах альтэрнатыўных юрысдыкцыяў, і гэтае пытаньне таксама актуалізуе тэму неабходнасьці аўтакефаліі Беларускай царквы».
Яна зьвярнула ўвагу на «фрустрацыю ад маўчаньня» вярхушкі БПЦ у вернікаў і кантраст з заявамі кіраўніцтва каталіцкага касьцёла.
Па выніках сустрэчы Васілевіч вырашыла «пакінуць эмоцыі пры сабе», але адзначыла, што ішла на сустрэчу са скептычным настроем, бо «за гады царкоўнага жыцьця звыкла да ігнору і адпісак», — «і вось зноў». Натальля Гарковіч, другая ўдзельніца той самай сустрэчы, напісала, што адчувае ад яе «бездапаможнасьць, смутак і расчараваньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі не ўяўляюць, наколькі страшны сталінізм», — праваслаўны сьвятар, аўтар блогу «Batushka ответит»Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць
У Курапатах 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.
Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.
Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.
Што такое Курапаты?
Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.
Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».
Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.
Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.
Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.
Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.