Страта прыроднай разнастайнасьці — істотны фактар, які адаб’ецца і на стане сусьветнай эканомікі, лічаць экспэрты ААН.
Ад 500 000 да 1 000 000 біялягічных відаў пагражае зьнікненьне ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі з прычыны антрапагеннага ўзьдзеяньня. Гэта вынікае з праекта дакладу ААН, які паступіў у распараджэньне AFP.
Агенцтва ў аўторак, 23 красавіка, прыводзіць вытрымкі з дакумэнта, поўная вэрсія якога павінна быць апублікаваная 6 траўня.
«Мы павінны прызнаць, што зьмяненьне клімату і страта прыродных рэсурсаў аднолькава важныя ня толькі для навакольнага асяродзьдзя, але і для пытаньняў эканомікі і эканамічнага разьвіцьця», — падкрэсьліў Робэрт Ўотсан, старшыня Міжурадавай навукова-палітычнай плятформы па біяразнастайнасьці і экасыстэмным паслугах (IPBES), які адказваў за падрыхтоўку дакладу.
На думку экспэртаў, тэмпы выміраньня «ужо ў дзясяткі ці сотні разоў вышэйшыя, чым яны былі дзесьці ў мінулыя 10 млн гадоў». У якасьці прычын навукоўцы называюць глябальнае пацяпленьне, забруджваньне паветра, скарачэньне запасаў пітной вады, што прыводзіць да зьнікненьня лясоў, у прыватнасьці, мангравых зарасьнікаў, насякомых-апыляльнікаў і рыбных рэсурсаў.
Паводле ацэнак дасьледчыкаў, цяпер на Зямлі жыве каля 8 млн розных біялягічных відаў, большасьць зь якіх прадстаўлена казуркамі.