Дзесяць лістоў пра Свабоду

Гэтыя лісты пісаліся пераважна тады, калі кампутары для большасьці беларусаў былі рэдкасьцю, а інтэрнэт — экзотыкай, калі пра смартфоны мала хто чуў, а сацыяльнымі сеткамі амаль ніхто не карыстаўся... Яны былі дасланыя на добра вядомы тысячам нашых колішніх слухачоў адрас Менск-5, Паштовая скрынка 111 у 2001-2014 гадах і ў ліку соцень іншых склалі кнігу «Лісты пра Свабоду», якая выйшла ў нашай бібліятэчнай сэрыі ў 2014 годзе.

Зьміцер Панкавец, вёска Кастрыца, Барысаўскі раён

11.05.2001

Чуў па Свабодзе, што ў школах аднаўляюць палітзаняткі. У нас такія заняткі ніколі й не зьнікалі. На іх нам распавядаюць пра заслугі Лукашэнкі, тлумачаць, чаму патрэбен саюз з Расеяй — маўляў, свае нафта і газ будуць. Распавядаюць, якія ў Беларусі дэмакратычныя парадкі.

А пра ўдзельнікаў апазыцыйных акцыяў кажуць так: «Пьяные отморозки собрались, им десять долларов дали, вот они и чёртом свищут».

Школа ў нас беларускамоўная, аднак пэўныя ўрокі — прыкладам, ангельская мова, чалавек і грамадзтва, аўтасправа — выкладаюцца па-расейску. Дык мы нядаўна клясай пастанавілі дамагацца, каб усе ўрокі выкладаліся па-беларуску. Напісалі дырэктару заяву. Пасьля гэтага беларуская мова гучыць часьцей.

А яшчэ пасьля гэтага выпадку мяне абмяркоўвалі на пэдсавеце. Прыйшлі да высновы, што я першы пайду зь відэльцам на Расею. А яшчэ мяне пачалі вінаваціць у фашызьме, бо мой прадзед Барыс Саснавец служыў у Беларускай Краёвай Абароне. Я гэтага факту ніколі й не хаваў — усім распавядаў, што прадзед ваяваў за беларускую Беларусь. Настаўнікі пачалі казаць, што я ўвесь у прадзеда — калі б мог, зараз жа прадаў бы Беларусь немцам. А яшчэ яны вельмі шкадуюць, што я жыву ня ў Менску.

Неяк яны ўбачылі ў мяне кнігу Франца Кушаля і пасьля гэтага пачалі лічыць мяне фашыстам. А я фашыстам ніколі ня быў, а аднаго разу нават пабіўся з РНЕшнікам, які прыяжджае ў вёску. Пабіліся мы за тое, што я назваў Гітлера і Сталіна псыхапатамі.

Вось так і жывём. Дзень за днём мне прыдумваюць у школе новыя мянушкі: то я ім польскі шляхціц, то нямецкі фашыст, то амэрыканскі шпіён. Ніяк ня могуць яны ўсьвядоміць, што я проста люблю Беларусь — і болей нічога.

Штодня а шостай гадзіне я цягнуся да свайго прымача, настройваюся на 612 кілягерцаў — і наступныя паўтары гадзіны мяне цяжка адарваць ад гэтага занятку. Слухаю ўсё, асабліва люблю «Вострую Браму» Сяргея Дубаўца...

Ня ведаю, як бы я зараз жыў, каб у мяне адабралі Свабоду. Калі слухаю вас, то мне здаецца, што мы — самая вялікая краіна сьвету, а беларусы — самы лепшы народ. Толькі гэты міт доўжыцца паўтары гадзіны.

А потым я выходжу на вуліцу вёскі і бачу п’яных аднавяскоўцаў, адзінай праблемай для якіх стала — дзе заўтра знайсьці чарку. І адчуваньне велічы ў мяне зьнікае. Але потым я зноў раскладваю свае думкі й прыходжу да высновы, што пакуль ёсьць у краіне такія людзі, як вы, ня згіне наш народ. І згадваюцца словы Янкі Філістовіча: «Усё пераменіцца, будзе вольнай Беларусь!».

Віталь Каралёў, Мёры

17.03.2004

Свабоду я пачаў слухаць недзе на мяжы 1970–80-х гадоў. Але былі і даволі вялікія перапынкі. Добра запомніўся такі выпадак. Падчас службы ў войску ў 1984 годзе набылі мы транзыстарны радыёпрыёмнік і вечарамі, цішком засеўшы ў так званай «ленкомнаце», слухалі Беларускую Свабоду, Голас Амэрыкі, Бі-Бі-Сі. Неўзабаве зьявіўся і другі прыёмнік, а кола слухачоў пашырылася. Але нядоўга тое працягвалася, таму што «зампаліт» роты выявіў нас і забраў прыёмнік. Ну і нацярпеліся мы тады страху.

За некалькі месяцаў да таго адзін латыш з нашай вайсковай часткі быў пакараны на пяць гадоў ці то за антысавецкую прапаганду, ці то за распальваньне нацыянальнай варожасьці — толькі за тое, што ў коле сваіх землякоў казаў, што Латвія павінна быць незалежнай і некамуністычнай. Але «зампаліт» нас ня выдаў — у «асобы аддзел» не даклаў. Для нас скончылася ўсё тым, што камандзір роты, калі быў у гуморы і побач не было вялікай колькасьці сьведак, жартам называў мяне «ворагам народу». Быў ён патомным вайскоўцам, украінцам па нацыянальнасьці. А ў нас было ўкраінска-беларуска-літоўскае зямляцтва, а не «дзедаўшчына», як звычайна ў тыя часы. Узвод быў найлепшым у батальёне, а мне як намесьніку камандзіра ўзводу было лёгка дабіцца гэтага, абапіраючыся на сур’ёзных і блізкіх па мэнталітэту салдатаў. А камандзір узводу, фармальна выконваючы свае абавязкі бездакорна, у наша ўнутранае жыцьцё асабліва ня ўмешваўся.

Са Свабодай я застаўся і пасьля войска. На пачатку 1990-х гадоў купіў прыёмнік «Сэлена», які і сёньня даносіць ад вас сьвежыя праўдзівыя навіны, грунтоўную аналітыку, весткі пра падзеі ў краіне, якіх не паведамляе ні БТ, ні іншыя афіцыйныя мэдыі. У мінулым годзе я асьмеліўся ўпершыню падаць свае меркаваньні ў рубрыку «Званок на Свабоду». І аказалася, што ў мястэчку я слухаю Свабоду далёка не адзін. Паводле маіх апошніх назіраньняў, прыкладна ад 20 да 50 чалавек слухаюць больш-менш рэгулярна, прыкладна столькі ж — час ад часу.

Антось Тола, вёска Мікулічы, Баранавіцкі раён

05.12.2005

Вельмі ўдзячны вам за дасланыя кнігі зь «Бібліятэкі Свабоды». Я ня толькі прачытаў іх сам, але і даў пачытаць сваім сябрам. А за гэта атрымаў у часовае карыстаньне прымач «Акіян 245», які вельмі добра прымае «Свабоду». У мяне ёсьць уласны прымач маркі «Фёрст Аўстрыя», але зь ім нямала клопату, ня дужа высокай ён якасьці. Некаторыя перадачы «Свабоды» я раней запісваў з прымача на дыктафон, які мне прывёз з Масквы і падараваў адзін сябра. Потым слухаў сам і даваў паслухаць іншым — асабліва падчас доўгага чаканьня аўталаўкі, калі зьбіраецца шмат знаёмых людзей.

Вакол майго хутару тры вёскі — Мікулічы, Парэчча і Саленікі. Пакупнікі з задавальненьнем слухалі расповед пра падарожжы Ягора Маёрчыка: усім цікава, як там жывуць у іншых беларускіх вёсках. Але, калі я ўключыў «Званкі на Свабоду», да мяне наблізіўся мясцовы пэнсіянэр — мажнога стану дзядзька. Пачаў лаяцца, абзываць дысыдэнтам, махаць рукамі. Дыктафон упаў на асфальт і перастаў працаваць. Жанчыны, якіх была большасьць, заступіліся за мяне, пачалі ўшчуваць апантанага прыхільніка рэжыму.

Добра было б, каб «Свабода» хоць адну гадзіну працавала ў дзённы час — прыкладна ад 12-й да 14-й гадзіны. У гэтую пару большасьць вяскоўцаў па ўсёй Беларусі чакаюць аўталаўкі. Звычайна зьбяруцца ў адной хаце, адкуль відаць прыпынак. Хто вяжа шкарпэткі, хто спрачаецца пра кошты, якія галёпам апярэджваюць інфляцыю. А прымачы ў многіх ёсьць. Удзень на сярэдніх хвалях перашкоды ў эфіры амаль адсутнічаюць. У той час як пасьля 22-й гадзіны людзі ўжо сьпяць альбо глядзяць тэлебачаньне.

Ян Савіцкі, Баранавічы

22.02.2006

Слухачом «Свабоды» я застаюся амаль безь перапынкаў ужо больш за трыццаць гадоў. Зьмяняліся дыктары, сівелі і губляліся мае валасы, трушчыліся імпэрыі, а Радыё Свабода так і заставалася маім унівэрсытэтам. Зь яго пачынаецца дзень і на ім жа заканчваецца. Слухаючы «Свабоду», уцякаеш ад жыцьцёвай марнасьці і панаваньня расейшчыны. Сілкуесься «Свабодай» і набіраесься моцы для творчасьці і дзейнасьці. Сваімі хвалямі яно злучае нашу беларускую сьвядомасьць. Год таму я пазнаёміўся ў шпіталі з былым інжынэрам, які доўгі час працаваў на Баранавіцкай радыёстанцыі. У службовыя абавязкі яго, сярод іншага, уваходзіла глушэньне так званых «варожых галасоў».

На пачатку 1980-х гадоў на станцыі працавала каля дзесяці чалавек інжынэрна-тэхнічнай абслугі. Пры гэтым самі яны слухаць «варожыя галасы» не маглі: напэўна, па ідэалягічна-тэхнічнай задумцы. Іх абсталяваньне прымала толькі кодавыя сыгналы «пі-пі-пі». І трэба было не марудзячы на гэтыя сыгналы навесьці «глушылку». Працай даражылі. Інжынэр (амаль за абібоцтва) атрымліваў 160 рублёў за месяц. Сяды-тады можна было разжыцца і радыёдэталямі. Радыюс дзеяньня станцыі ахопліваў увесь Баранавіцкі раён, а таксама вялікую частку Гарадзеншчыны і Меншчыны...

Гарбачоўская галоснасьць зрабіла непатрэбнымі «глушылкі» і КПСС. Баранавіцкая станцыя была ў большасьці закансэрвавана, штат скарочаны, а абсталяваньне часткова разукамплектавана і раскрадзена.

Робэрт Багарадаў, Наваполацак

21.12.2007

Да вайны і першыя два гады пасьля вайны бацька працаваў у сваёй Галалобаўскай школе. У 1946 годзе яго выклікалі ў Дрыбінскі аддзел НКВД і прапанавалі быць «стукачом» — гэта значыць, дакладваць, пра што гавораць настаўнікі і сяляне. Ён не пагадзіўся. Пасьля гэтага яго пачалі пераводзіць зь вёскі ў вёску. Спачатку перавялі ў Карэбы. Калі захацеў пераехаць туды зь сям’ёй — накіравалі ў Дрыбін. Адтуль — у Расну. Так роўна 10 гадоў ён быў у паходах — вымушаны быў штодня хадзіць на працу за многія кілямэтры.

У Расьне ў 1953 годзе ён пачаў слухаць Свабоду і далучыў да яе і мяне. Ужо 54 гады я слухаю Свабоду — я, напэўна, самы даўні ваш слухач.

Тады ж бацька паказаў мне месца, дзе пахаваныя сямёра аднавяскоўцаў, расстраляных Дрыбінскім НКВД ва ўласных халодных хацінах. Бацьку не расстралялі і не саслалі на Калыму — яму зрабілі Калыму ў Беларусі. Колькі кілямэтраў ён прайшоў за дзесяць гадоў і ў дождж, і ў траскучы мароз, па пояс у сьнезе. Аднаго разу нават ратаваўся ад ваўкоў на дрэве.

Настаўнікаў у той час прымушалі весьці агітацыю сярод калгасьнікаў, расказваць на сходах пра шчасьлівую калгасную вёску, хваліць правадыроў, хлусіць аб прыгнечанасьці і эксплёатацыі ў краінах капіталізму. Бацька ніколі не гаварыў пра гэта. Як ён мог хваліць сыстэму, якая зьдзекавалася са сваіх грамадзянаў і зь яго асабіста. Бацька марыў дажыць да таго часу, калі Беларусь стане незалежнай і свабоднай краінай, калі будзе незалежны суд, а ў газэтах пачнуць пісаць праўду, а не хлусьню і непатрэбшчыну. Але дажыў ён толькі да перабудовы. Мы, ягоныя нашчадкі, жывем у незалежнай краіне, але ўсяго астатняга яшчэ не хапае.

Гэты ліст я пішу на хутары Мураўішча, што паблізу вёскі Малое Сітна, дзе два гады працаваў стропальшчыкам «палітхімік» Павал Севярынец, пра якога столькі разоў расказвала Беларуская Свабода.

...Ціха на хутары. Толькі зрэдку чуецца пранізьлівы крык сойкі. Хутар з усіх бакоў акружаны лесам. Калі шэрым зімовым днём сыпле густы сьнег, а вецер завывае ў комінах хат і грукоча напалову адарванымі дошкамі і жэрдкамі па сьценах і дахах, мне іншы раз успамінаецца бацька і тое, як мы разам слухалі Свабоду...

Уладзь Шульжыцкі, Смаргонь

21.10.2009

Радыё Свабода я стала слухаю клясы з восьмай. Але і раней, памятаю, круціў бацькаў «Мэрыдыян-235» і таксама шукаў альтэрнатыўныя навіны. Было і такое, што ня верыў Свабодзе, станавіўся шчырым «лукашыстам». Але чамусьці заўжды мяне цягнула на альтэрнатыву.

Я вучыўся ў ПТВ, калі па тэлевізары пачалі паказваць галоўным чынам адны сэрыялы — ніякай цікавай інфармацыі. І таму ўвечары, калі маці з бабуляй глядзелі чарговую мыльную опэру, я ішоў у іншы пакой і ўключаў Радыё Свабода. Параўноўваючы «Свабоду» і БТ, я на пачатку 2006-га году прапанаваў свае паслугі ў распаўсюдзе ўлётак Мілінкевіча. І цэлую ноч сядзеў каля прымача 19 сакавіка. Ехаць у Менск на плошчу Каліноўскага адвагі не хапіла.

На пачатку 2007-га я вырашыў надрукаваць і распаўсюдзіць невялічкія ўлёткі з частотамі Радыё Свабода. Па гэтых улётках мяне вылічылі і 24 красавіка 2007-га году затрымалі. У пратаколе напісалі, нібы я лаяўся матам.

Вельмі ўдзячны Радыё Свабода за маральную ды інфармацыйную падтрымку. Дзякуючы ёй я ўсё ж трапіў тады на Чарнобыльскі шлях у Менск — хоць дзеля гэтага і давялося праехаць 40 кілямэтраў на ровары. Пасьля выхаду ў эфіры «Свабоды» гэтай гісторыі я прачнуўся знакамітым. Шмат хто ў Смаргонях, пачуўшы прозьвішча «Шульжыцкі», пытаўся, ці гэта ня той самы, што на Чарнобыльскі шлях на ровары паехаў.

Потым у маім жыцьці была праграма Каліноўскага і Гданьск, дзе я з прымачом адмыслова хадзіў у горы, каб знайсьці месца, дзе лепш чуваць «Свабоду». На праграме Каліноўскага, на жаль, не ўтрымаўся. І зараз слухаю «Свабоду» зноў у родных Смаргонях. На прымачы «Грундзіг» настроіў будзільнік на патрэбныя частоты і кожную раніцу прачынаюся пад знаёмыя пазыўныя.

Пры адсутнасьці інтэрнэту радыё для мяне зараз — адна зь нешматлікіх крыніц інфармацыі.

Тамара Краўчук, Камянец

21.09.2011

Гэта было на пачатку 50-х гадоў. Мне тады было гадоў сем ці восем. Да нас у хату прыходзілі бацькавы сябры. Маці накрывала на маленькі столік — нібыта госьці. Але мужчыны сядалі не за стол, а слухалі радыё. У нас была вялікая радыёла: можа, трафэйная, а можа, немцы пакінулі. А магчыма, яшчэ зь Белавежы, дзе да вайны жылі мае родныя. У таты былі мянушкі «Балаховец» і «Палітыкан». Што праўда, ён у рэальнасьці быў і тым, і другім.

Дык вось, калі ў хаце пачыналі слухаць радыё, мяне з маёй крыху старэйшай за мяне сястрой выпраўлялі на вуліцу — пільнаваць, ці ня йдзе да нас хто чужы. Калі мы бачылі незнаёмага чалавека, то павінны былі стукаць у вакно. Мяне тады ахоплівала такое дзівоснае пачуцьцё таямніцы! Мы адчувалі, што дапамагаем у нейкай патаемнай важнай справе. Толькі дарослай я зразумела, што мой бацька і ягоныя сябры слухалі тады заходнія радыёстанцыі — «Свабоду», «Голас Амэрыкі», Бі-Бі-Сі.

На жаль, тата рана памёр: мне было толькі 9 гадоў, а яму — 59. Мінулі цяжкое дзяцінства, школа. І настаў час, калі я сама стала слухаць тыя ж радыёстанцыі. Як я цяпер разумею свайго бацьку, прыкладаючы вуха да старэнькага прымача, каб пачуць родны голас беларускай «Свабоды»! У савецкія часы я, назьбіраўшы за год грошай, пабывала па турыстычных пуцёўках у некалькіх краінах Эўропы. Бачыла, як адпачываюць старыя немцы на ўлоньні прыроды ў Саксоніі, прыехаўшы ў дамы адпачынку на ўласных «Трабантах». І думала пра няшчасную долю нашых пэнсіянэраў...

А потым разваліўся Савецкі Саюз. Якое цудоўнае тады было адчуваньне — колькі надзей і чаканьняў! Я была так узрушана, нібы мне падарылі нешта такое, пра што я марыла ўсё сваё жыцьцё і займець што дагэтуль не было ніякай надзеі. Гэта было так, нібы я ўсё папярэдняе жыцьцё была ў клетцы — а тут раптам мяне выпусьцілі на волю! Вось пра што марыў мой бацька! Але нядоўга мы цешыліся... Вельмі шкада. Мне ўжо за 60. Няўжо «Свабоду» я буду толькі слухаць? Няўжо мне не наканавана пажыць ва ўмовах свабоднай дэмакратычнай краіны?

Васіль Завадзкі, Маладэчна

07.12.2011

«Радыё Свабода» ў маёй хаце гучыць штодня. Вельмі прыемна і радасна слухаць вас. Гэта ўсё роўна, што пасьля лазьні выпіць кілішак гарэлкі: і сьветла, і весела, і радасна... Асабіста сярод сваіх знаёмых я ведаю яшчэ прынамсі шасьцёх, якія таксама слухаюць «Свабоду»...

Вацлаў Бедункевіч, Маладэчна

05.06.2013

Летам 1946 году старшыня сельсавету, які жыў у нашай вёсцы, мусіў некуды паехаць па пільнай справе. У хаце заставаўся толькі яго малы 8-гадовы пляменьнік. Начаваць аднаму было боязна, і ён запрасіў мяне: я быў на два гады старэйшы. Усе ведалі, што ў старшыні была вялікая каштоўнасьць — дэтэктарны прымач. Ну, я і не ўтрымаўся, выкарыстаў выпадак. Толькі ўключыў яго — як адразу пачуў у навушніках словы, якія назаўсёды ўрэзаліся ў памяць: «Говорит Лондон. Радиостанция Би-Би-Си». Вось такім чынам у свае 10 год я зрабіўся слухачом «варожых галасоў».

Дэтэктар той, дарэчы, быў невялікі, просты ў карыстаньні, недарагі. Але слухаць мог толькі адзін чалавек. І абавязкова была патрэбна антэна. Пазьней, калі я скончыў будаўнічы тэхнікум у Менску, дык набыў прымач зь сярэднімі хвалямі: можна было слухаць усю Эўропу. А яшчэ пазьней, калі займеў пакойчык па адрасе Ленінскі праспэкт, 44, дык зьявілася радыёла «Sakta». Яна мела аж 5 караткахвалевых дыяпазонаў. Нягледзячы на «глушылку», што працавала літаральна «ў агародзе» (за домам 44), я быў у курсе ўсіх сакрэтных для савецкага чалавека навінаў.

Дзякуй Свабодзе за працу. Кожны дзень слухаю вас раніцай і ўвечары.

Алег Мартысюк, Менск

12.03.2014

З 1952 па 1956 год я вучыўся ў Пінску, у электратэхнікуме сувязі. Жыў разам з аднакурсьнікам, які раней працаваў у радыёмайстэрні ў Баранавічах. У яго з сабой быў трафэйны нямецкі радыёпрымач. Вось па гэтым прымачы восеньню 1955 году мы ўпершыню знайшлі і пачулі беларускую Свабоду. Слухаць можна было не заўсёды: яе яўна глушылі. Казалі, што «глушылка» стаяла недзе пад Баранавічамі. Вельмі цікава было даведвацца пра жыцьцё людзей за мяжой, на Захадзе. У нас пра гэта фактычна не пісалі і не паведамлялі па радыё. А самі мы тады жылі бедна: мінула толькі 10 год, як скончылася вайна.

Я і цяпер слухаю Свабоду, бо яна паведамляе пра тое, пра што не даведаесься больш нідзе. Мяне і сёньня цікавіць жыцьцё простага чалавека ў розных краінах. Напрыклад, што можна набыць на заробак дворніка ці санітаркі ў шпіталі ў вас у Празе — у параўнаньні з нашай Беларусьсю. Зрэшты, магчыма, гэта цікавіць толькі мяне ды маіх знаёмых?