Лідэры анархісцкага руху зьвязваюць перасьлед з падрыхтоўкай да Эўрапейскіх гульняў у Менску.
Адзін з затрыманых 20 красавіка ў вёсцы Тэўлі Кобрынскага раёну актывістаў анархісцкага руху паведаміў Свабодзе, што ён напісаў скаргу на дзеяньні міліцыі.
З дапамогай праваабаронцаў ён хоча перадаць скаргі ў пракуратуру і МУС Беларусі.
«За тое, што білі, падымалі за кайданкі, зьневажалі», — сказаў жыхар Берасьця Дзьмітры, адзін з затрыманых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Білі, пагражалі «пасадзіць на бутэльку». Анархіст зь Берасьця заявіў пра зьдзекі з боку міліцыіПаводле Дзьмітрыя, некаторыя з затрыманых 20 красавіка ў Кобрынскім раёне хлопцаў таксама будуць абскарджваць дзеяньні міліцыянтаў пры іх затрыманьні.
Атрымаць камэнтар прэсавай службы МУС наконт скаргаў анархістаў на зьдзекі і пабоі Свабодзе пакуль не ўдалося.
Вызвалілі ўсіх анархістаў, затрыманых у Кобрынскім раёне
Тым часам усе затрыманыя ў вёсцы Тэўлі анархісты ўжо на волі.
Пра вызваленьне з ізалятару 6 чалавек, затрыманых 20 красавіка, паведаміў карэспандэнту Свабоды актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў. Паводле ягоных зьвестак, 22 красавіка 6 хлопцаў адпусьцілі з ізалятару часовага ўтрыманьня Кобрынскага РАУС без складаньня пратаколаў аб правапарушэньні. Іх затрыманьне патлумачылі неабходнасьцю высьветліць асобы. Раней, 21 красавіка, зь міліцыі Кобрыньскага раёну ўжо адпусьцілі пяцёх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцназ разагнаў летнік анархістаў пад Берасьцем. Затрыманых вінавацяць у хуліганствеУзмацненьне ціску на анархістаў Вячаслаў Касінераў зьвязвае з падрыхтоўкай да Эўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у чэрвені ў Менску.
У аддзеле інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю Берасьцейскай абласной міліцыі зьвесткі пра вызваленьне ўсіх затрыманых камэнтаваць адмовіліся.
«Калі будзе патрэбна, мы зьмесьцім інфармацыю на сайце», — сказаў супрацоўнік аддзела Ільля Помін. Раней міліцыя казала пра тое, што затрыманых актывістаў абвінавачваюць у хуліганстве:
«Так, у нас 6 чалавек такіх ёсьць. Іх вінавацяць у дробным хуліганстве, віну вызначыць суд», — казаў супрацоўнік ізалятару часовага ўтрыманьня ў Кобрыні.
Ператрусы і канфіскацыі
Анархіст Дзьмітры, адзін з тых, хто быў затрыманы ў вёсцы Тэўлі пад Кобрыньню, паведаміў Свабодзе, што 22 красавіка ў кватэрах трох актывістаў (двух менчукоў і гарадзенца) пакуль яны знаходзіліся ў Кобрынскім ізалятары, прайшлі ператрусы.
Сярод тых, у каго абшуквалі жытло, быў менчук Раман Халікаў, які расказаў Свабодзе пра дэталі.
«У кватэры, дзе я пражываю, ператрус рабілі міліцыянты. Сказалі, што гэта зьвязана з нашым затрыманьнем пад Кобрыньню. Паказвалі гаспадару паперу, на падставе якой рабілі вобшук, але ня ведаю, якую дакладна, ці быў гэта ордэр, — мяне ж не было. Забралі на праверку ноўтбук, некалькі мабільных тэлефонаў, прынтэр, фарбу, кавалак тканіны. Гэткія ператрусы ў мяне не ўпершыню, ужо пяты перажыў», — сказаў Раман.
Паводле яго, падчас ператрусаў у ягоных паплечнікаў міліцыянты таксама забралі пэрсанальныя кампутары, улёткі ды іншыя рэчы з анархісцкай сымболікай.