У Віцебску 23 красавіка памёр Віктар Калачынскі, якога напярэдадні траўмавалі ў вайсковай частцы машынай, піша Міністэрства абароны.
Калачынскі памёр у Віцебскай больніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі. Пасьля здарэньня ён знаходзіўся ў рэанімацыі.
Міністэрства абароны выказала спачуваньні сваякам і блізкім памерлага і паабяцала аказаць ім усю неабходную дапамогу.
Што адбылося?
Паводле Міністэрства абароны, у віцебскай 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе адзін з салдатаў тэрміновай службы парушыў правілы эксплюатацыі аўтамабільнай тэхнікі. У выніку ягонага саслужыўца «прыдушыла машынамі», пісаў тэлеграм-канал Nexta.
Супраць 19-гадовага салдата, які кіраваў «МАЗам», завялі крымінальную справу. Паводле сьледчых, ён запусьціў рухавік, ня ўпэўніўшыся, што рычаг каробкі перадач знаходзіцца ў нэўтральным становішчы.
Заставалася служыць 20 дзён
Да дэмабілізацыі Калачынскаму заставалася 20 дзён, напісаў Свабодзе яго саслужывец. Ён праслужыў у войску амаль 1,5 года.
Пасьля першага паўгоду службы Калачынскі служыў кіроўцам ва ўзводзе забесьпячэньня.
«Ён быў вясёлым, жыцьцярадасным, адказным», — напісаў саслужывец Калачынскага.
Паводле саслужыўцаў, канфліктаў на службе ў Калачынскага не было.
«Ён з усімі ўмеў дамаўляцца. А калі і былі б [канфлікты], у войску гэтага не схаваеш, праверкі па некалькі разоў на дзень», — паведаміў саслужывец.
Гэта ня першы выпадак траўмаваньня салдатаў у 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе за апошні час.
У сьнежні 2018 году старшы сяржант Аляксей Раманенка загадаў малодшым па званьні перакуліцца праз мэталічную агароджу, аднаго зь іх ударыў нагой, другі салдат падчас куляньня зламаў ключыцу. Інфармацыю пацьвердзілі ў Міністэрстве абароны. Крымінальную справу супраць Раманенкі завялі сёлета ў лютым.