Паліцыя Шры-Ланкі абнавіла дадзеныя аб колькасьці ахвяраў сэрыі выбухаў, якія адбыліся ў краіне на Вялікдзень паводле грыгарыянскага календара. Згодна з апошнімі зьвесткамі, загінулі сама меней 310 чалавек, каля 500 атрымалі раненьні.
Таксама паліцыя паведаміла, што 40 чалавек арыштаваныя ў сувязі з выбухамі ў сталіцы краіны Каломба і навакольных населеных пунктах 21 красавіка. Раней гаворка ішла пра 24 затрыманых.
Улады Шры-Ланкі абвясьцілі 23 красавіка днём жалобы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбухі ў Шры-Ланцы: колькасьць ахвяраў павялічылася да 290 чалавекТаксама ў краіне абвешчанае надзвычайнае становішча, дзеяньне гэтага рэжыму пачалося апоўначы 23 красавіка. Гэта дае паўнамоцтвы паліцыі і вайскоўцам затрымліваць і дапытваць падазраваных без рашэньня суду. У офісе прэзыдэнта паведамілі, што ён будзе прасіць міжнароднай падтрымкі для адсочваньня магчымых замежных сувязяў нападнікаў.
Пакуль ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьць за выбухі 21 красавіка. Але ва ўрадзе Шры-Ланкі ўсклалі адказнасьць за шэраг учорашніх выбухаў на мясцовую радыкальную ісламісцкую групу «Джамаат ат-Таухіт». Прынамсі 6 з 8 выбухаў, якія адбыліся ў нядзелю ў Шры-Ланцы, зьдзейсьнілі сьмяротнікі. Такія папярэднія дадзеныя расьсьледаваньня, паведамляе агенцтва Reuters.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэрарыстычныя групы працягваюць плянаваць напады на Шры-ЛанцыАкрамя таго, ва ўрадзе паведамілі, што паліцыя мела інфармацыю пра магчымыя напады на цэрквы, але не змагла іх прадухіліць. Паводле дадзеных агенцтва AFP, у пачатку красавіка замежная выведка папярэджвала ўлады Шры-Ланкі аб падрыхтоўцы ісламістамі сэрыі тэрактаў.
21 красавіка — у дзень, калі хрысьціяне заходніх абрадаў сьвяткуюць Вялікдзень, — у Шры-Ланцы адбыліся восем выбухаў. Чатыры зь іх — у гатэлях, тры — у каталіцкіх храмах, падрабязнасьці пра яшчэ адзін выбух не вядомыя. Большая частка выбухаў адбылася ў сталіцы краіны — Каломба, аднак пацярпелі і храмы ў іншых гарадах — Нэгомба на поўнач ад сталіцы і Батыкалоа на ўсходнім узьбярэжжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Шры-Ланцы адбыўся восьмы за дзень выбухЯшчэ адна бомба выбухнула 22 красавіка падчас разьмініраваньня грузавіка каля царквы ў Каломба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговы выбух каля касьцёла на Шры-ЛанцыГэта найбуйнейшы напад у Шры-Ланцы з часу заканчэньня грамадзянскай вайны 10 гадоў таму.
Паводле дадзеных паліцыі, сярод загінулых — 35 замежнікаў, у тым ліку грамадзяне ЗША, Вялікай Брытаніі, Кітаю, Нідэрляндаў, Партугаліі.