Абаронца Курапатаў, грамадзкі актывіст і прадпрымальнік Зьміцер Дашкевіч стаў госьцем Каці Маркоўскай у яе аўтарскім праекце «Морква». Прапануем вам тэкставую вэрсію размовы.
«У пяць год марыў стаць Леніным»
Раньняе дзяцінства Зьміцер Дашкевіч правёў у Расеі, у пасёлку Ягаднае, што ў Магаданскай вобласьці. Бацькі працавалі там журналістамі. Аднак ня лічыць, што блізасьць да цэнтру лягернага жыцьця нейкім чынам паўплывала на яго.
«Але на пяць гадоў мне падарылі кніжачку пра Леніна. Я яе чытаў і марыў стаць Леніным. То бок пяцігадовае дзіця ўжо празамбаванае», — адказаў Дашкевіч на пытаньне пра самы яркі дзіцячы ўспамін.
«Як я мог коштам здрады дадаць да дзён сваёй маці?»
Маці Зьмітра Дашкевіча памерла ў 2011 годзе, калі сын быў у зьняволеньні. Яго прывезьлі на разьвітаньне ў кайданках. Актывіст кажа, што ў 2006 годзе, калі яго перасьледавалі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, мог падпісаць адмову ад «Маладога Фронту», і тады б да яго не было ніякіх юрыдычных прэтэнзій.
«Але як я мог здрадзіць людзям? Як я мог коштам сваёй здрады палепшыць эмацыйны стан і дадаць да дзён сваёй маці? Коштам здрады сабе і тым людзям, якія ў мяне верылі. У мяне такога выбару не было», — кажа Дашкевіч.
«Выхаваньне дзяцей — гэта адказнасьць бацькі»
Жонка Дашкевіча Наста прыносіць ахвяру тым, што прысьвячае сябе сям’і, лічыць Зьміцер, які неўзабаве стане бацькам трэці раз.
«Але колькі ўсяго будзе дзяцей у сям’і, — будзе вырашаць Наста», — кажа актывіст і дадае, што цэніць унёсак жонкі ў сям’ю і ня лічыць, што выхоўваць дзяцей — гэта жаночая справа.
«Бацька ў першую чаргу адказны за выхаваньне дзяцей», — кажа Дашкевіч, дадаючы, што каб не Курапаты, то ўвесь час прысьвячаў бы працы і сям’і.
«Грошы ватнікаў аддам на разьвіцьцё беларускай мовы»
Актывіст, які з 2016 году займаецца цясьлярскім бізнэсам, не хавае, што доўгі час замовы рабілі ў асноўным тыя, хто ведае яго асабіста. Але цяпер, калі Наста стала актыўна дапамагаць прасоўваць рэкляму «Цесьляроў» у сацыяльных сетках, усё больш кліентаў — выпадковыя людзі, зь якімі ў Дашкевіча часам здараюцца канфлікты на ідэйнай глебе.
«Часта бывае, што, пачуўшы беларускую мову, просяць „размаўляць нармальна“, але ў выніку заўсёды знаходзім паразуменьне. У беларускамоўных гэты канфлікт ледзь ня штодня, але ты павінен знайсьці магчымасьць яго пераадолець», — кажа Дашкевіч.
Ён прыгадвае выпадкі, калі кліентка была настроеная варожа да беларускай мовы, але неўзабаве высьветлілася, што яе ўнучка ведае беларускую мову, а муж зьбірае кнігі беларускіх пісьменьнікаў.
«Каб у мяне нехта замовіў шафу з трыкалёрам, я б узьняў кошт у пяць разоў, зрабіў бы гэтую шафу, а грошы аддаў бы грамадзкай культурніцкай ініцыятыве. А потым напішу: грошы ватнікаў пайшлі на разьвіцьцё беларускай мовы. Біблія кажа: „Грошы бязбожнікаў будуць служыць праведнікам“».
«4 красавіка я зразумеў, што прыйшоў час прызнаць фізычнае бясьсільле»
Зьміцер Дашкевіч заявіў, што пасьля таго, як 4 красавіка ўлады «правялі добраўпарадкаваньне» ў Курапатах, ставіць новыя крыжы там ня будзе.
«Я зразумеў, што цяпер няма сілы, якая б магла вырашыць гэтую праблему. Увечары пасьля зносу крыжоў у Курапаты прыйшлі максымум 300 чалавек. Што яны могуць супраць арміі злачынцаў, супраць дзясяткаў тысяч бандытаў? Таму ў такой сытуацыі ўсталёўваць новыя крыжы было б марнаваньнем чалавечых сілаў».
«Шалёнага сабаку трэба абысьці там, дзе гэта магчыма»
Дашкевіч крытычна ацаніў свой выступ на сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці 24 сакавіка ў Менску.
Тады ў Кіеўскім сквэры ён павіншаваў «шунявак», «ціхароў» і «іхтамнетаў» з Днём Волі, пасьля чаго яго затрымалі. Правёўшы два дні ў ізалятары на Акрэсьціна, Дашкевіч атрымаў штраф 1147,5 рубля.
«У беларускай апазыцыі вельмі пашыраная — і я часта гэтым займаўся — такая форма гераізму, калі шалёнаму сабаку кладуць палец у рот. Шалёны сабака кусае гэты палец, і ўсе вакол кажуць: „О, які герой, не пабаяўся шалёнаму сабаку палец у рот пакласьці“. І я цяпер зразумеў, што гэта шкодная справа. Па-першае, ты адпуджваеш многіх людзей. Па-другое, ты шкодзіш сабе бяз дай прычыны. Шалёнага сабаку трэба абысьці там, дзе гэта магчыма. Ня трэба правакаваць ідыётаў сваімі рухамі», — кажа Дашкевіч.
Паводле актывіста, 24 сакавіка ён зразумеў, што і ў словах трэба быць асьцярожным.
«І я бяз сораму прашу прабачэньня ў тых людзей, каго я пакрыўдзіў словам „шуняўкі“. У крытыцы зла нельга апускацца да асобаў, нельга перакручваць прозьвішчы ці зьнешні выгляд. Сёньня Шуневіч, заўтра будзе Сівакоў. Што зьменіцца? Нічога ня зьменіцца».
«Што Макей казаў пра разгон Плошчы 2010 году?»
Прайшоўшы дзясяткі турмаў, актывіст пераканаўся: у турмах ёсьць добрыя людзі, якія, часам рызыкуючы пасадай, дапамагаюць палітычным. Аднак лічыць, што на вышэйшым узроўні ўлады такіх няма.
«Макей — такі самы злачынец, як і ўсе астатнія. Нехта хоча бачыць у ім нейкага „голуба“, але давайце пачытаем, што ён казаў пра разгон Плошчы 2010 году. Сутнасьць такая — усё клясна. Вось пачакайце да наступных зачыстак — як ён будзе гэта камэнтаваць».
«Чырвона-зялёны сьцяг — маркер злачынства»
Зьміцер Дашкевіч прызнаўся, што калісьці разглядаў магчымасьць пайсьці працаваць у дзяржаўныя структуры.
«Каб не рэфэрэндум 1995 году, можна было б апраўдаць многіх і многіх. І, можа, у самога была б спакуса стаць пад дзяржаўныя сьцяг і „Пагоню“ і служыць незалежнай Беларусі. Але чырвона-зялёны сьцяг — гэта маркер злачынства. І калі ты ідзеш у дзяржструктуру і становісься пад чырвона-зялёны сьцяг, — гэта маркер злачынства. Гэта зьбіцьцё дэпутатаў парлямэнту, гэта антыканстытуцыйны пераварот».
«Мэтафарычныя акопы могуць стаць рэальнымі»
У 2016 годзе Дашкевіч з паплечнікамі зладзілі пэрформанс — капалі акопы каля вёскі Рудня Споніцкая ў Веткаўскім раёне. Тады гэта было сымбалічнае дзеяньне, але актывіст лічыць, што сапраўдныя акопы таксама могуць зьявіцца ў Беларусі.
«Каб не дайшло да іх, ёсьць шмат рухаў, якія можна зрабіць. Калі ў Беларусі кожны трэці будзе размаўляць па-беларуску, ня будзе ніякіх фізычных акопаў. Калі заўтра мы будзем чуць у крамах на касе ад кожнага трэцяга „Дзякуй“, гэта будзе шок для ўсіх імпэрцаў, якія думаюць, што Расея там, дзе расейская мова».
«Для мяне выбары прэзыдэнта — нішто»
Зьміцер Дашкевіч скептычна паставіўся да ідэі выпрабаваць сябе ў якасьці адзінага кандыдата ад апазыцыі. Пасьля ягонага выступу 24 сакавіка на сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці ў Менску шэф-рэдактар выданьня «Наша Ніва» Андрэй Дынько назваў яго «наймацнейшым апазыцыйным палітыкам Беларусі».
«У нас якога ні вазьмі грамадзкага актывіста, які рот адкрыў ці пару гадоў у дэмакратычным руху, ён ужо кандыдат у прэзыдэнты. Асабіста мяне — а я назіраю за гэтым ужо 20 гадоў — ванітуе, у мяне рвотны рэфлекс ад усіх гэтых кандыдатаў у прэзыдэнты. І я не хачу быць у гэтым шэрагу», — заявіў Дашкевіч.
«Галоўны распаўсюднік наркотыкаў — дзяржава»
Да 80% сукамэрнікаў Дашкевіча апынуліся ў турме паводле арт. 328 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
«З многіх спажыўцоў наркотыкаў робяць дылераў, таму што дзяржаве трэба выконваць разнарадкі. У 18 гадоў даюць па 5–10 гадоў за выкураны касяк. Дзяржава заганяе гэтых людзей на тры глыбіні, а там насамрэч многім трэба даць па срацы і вызваліць. Я працаваў на Чэрвеньскім рынку, і там усе ведалі, хто якія наркотыкі прадае. Дзяржаве гэта ня трэба, міліцыі ня трэба. Таму для мяне абсалютна відавочна: наркатрафік крышуецца сілавымі структурамі», — сказаў Дашкевіч.
Паводле яго, у Беларусі неабходна дэкрыміналізаваць шмат якія пазыцыі антынаркатычнага артыкула.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стваральнік брэнду адзеньня LSTR пра пагрозу незалежнасьці, густы беларусаў і радыкальныя прынты. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хата за $100 тысяч. Павал Белавус пра грошы, Пазьняка і 25 сакавіка. ВІДЭА
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.