Усе сродкі ад продажу квіткоў на матч 27 красавіка чэмпіянату Беларусі ў першай лізе «НФК» (былыя «Крумкачы») — ФК «Нафтан» будуць пералічаныя сямʼі заснавальніка менскага клюбу Юрыя Блінова, які памёр 21 красавіка на экамаратоне ў Гомлі.
43-гадоваму ўдзельніку забегу на 21 кілямэтар да фінішу заставалася некалькі мэтраў.
Гульня пройдзе ў суботу, 27 красавіка, на стадыёне РЦАП-БДУ (Сямашкі, 13) і пачнецца а 14-й.
Разьвітанне з Юрыем Бліновым адбудзецца ў аўторак, 23 красавіка, з 11.30 да 13.00 у Елісавецінскім манастыры па адрасе: Менск, вул. Выгоцкага, 6.
Хто такі Юры Бліноў?
У 2006 годзе Юры Бліноў стаў першым беларускім музыкам, які выступіў з сольным канцэртам у Карнэгі-Голе ў Нью-Ёрку. Ён атрымаў ступень доктара музычных мастацтваў у Вышэйшай школе музыкі Істмэна. З 2010 году жыве і працуе ў Беларусі. У 2015-м напісаў буйны музычны твор «Concerto-Krooso» у гонар гульца мадрыдзкага «Рэалу» Тоні Кроса.
Летась Бліноў удзельнічаў у заснаваньні новага футбольнага клюбу «НФК» на базе ранейшых «Крумкачоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэінкарнацыя «Крумкачоў». Сузаснавальнікам новага клюбу стаў усясьветна вядомы піяніст
Юры Бліноў удзельнічаў у трох менскіх і адным мюнхенскім паўмаратонах, а ў кастрычніку 2017 году прабег свой першы маратон у Кіеве.