Тэрарыстычныя групы працягваюць плянаваць напады на Шры-Ланцы

У выніку сэрыі выбухаў на Шры-Ланцы 21 красавіка загінулі прынамсі 290 чалавек, каля 500 - былі параненыя

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША папярэджвае, што «тэрарыстычныя групы» працягваюць плянаваць новыя магчымыя напады на Шры-Ланцы. Пра гэта гаворыцца ў абноўленай турыстычнай даведцы, апублікаванай на сайце Дзярждэпартамэнта 22 красавіка.

Згодна з паведамленьнем, сярод цэляў магчымых нападаў — турыстычныя месцы, транспартныя вузлы, гандлёвыя цэнтры, гасьцініцы, сьвятыні, аэрапорты і іншыя грамадзкія месцы.

Перасьцярога зьявілася пасьля таго, як у выніку сэрыі выбухаў на Шры-Ланцы 21 красавіка загінулі прынамсі 290 чалавек, каля 500 — былі параненыя. Напад называюць найбольшай праявай гвалту на востраве з тых часоў, як дзесяць гадоў таму тут скончылася грамадзянская вайна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбухі ў Шры-Ланцы: колькасьць ахвяраў павялічылася да 290 чалавек


Улады паведамілі аб арышце 13 чалавек у сувязі з выбухамі, якія адбыліся 21 красавіка, у прыватнасьці, у гасьцініцах і цэрквах у сталіцы Калёмба і ў гарадах паблізу.

Адказнасьць за выбухі на сябе пакуль ніхто не ўзяў.

Улады краіны назвалі выбухі тэрактамі рэлігійных экстрэмістаў. Выбухі, верагодна, учынілі сьмяротнікі.