Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп патэлефанаваў Уладзімеру Зяленскаму і павіншаваў яго з перамогай на выбарах прэзыдэнта Украіны. Пра гэта ў твітэры паведаміў спэцыяльны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША па пытаньнях Украіны Курт Волкер.
Ён таксама павіншаваў украінскі народ зь мірнымі і дэмакратычнымі выбарамі ў краіне.
«Мы будзем працягваць падтрымліваць намаганьні Ўкраіны па аднаўленьні яе тэрытарыяльнай цэласнасьці і супрацьдзеяньні расейскай агрэсіі», — напісаў Волкер.
На раніцу 22 красавіка Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны паведамляе аб падліку 90% пратаколаў у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў. За Ўладзімера Зяленскага прагаласавала 73,19%, за Пятра Парашэнку — 24,48% выбарцаў. Яўка перавысіла 62%.