У выніку сэрыі выбухаў у Шры-Ланцы 21 красавіка загінулі сама меней 290 чалавек, паведамляе Reuters. Параненыя каля 500 чалавек. Такія апошнія зьвесткі інфармацыйных агенцтваў, якія спасылаюцца на мэдыкаў і паліцыю.
21 красавіка — у дзень, калі хрысьціяне заходніх абрадаў сьвяткуюць Вялікдзень, — у Шры-Ланцы адбыліся восем выбухаў. Чатыры зь іх — у гатэлях, тры — у каталіцкіх храмах. Падрабязнасьці пра яшчэ адзін выбух пакуль не вядомыя.
Большая частка выбухаў адбылася ў сталіцы краіны — Каломба, аднак пацярпелі і храмы ў іншых гарадах — Нэгомба на поўнач ад сталіцы і Батыкалоа на ўсходнім узьбярэжжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Шры-Ланцы адбыліся шэсьць выбухаў у каталіцкіх цэрквах і гатэлях. Сотні параненых і загінулыхТолькі ў адным храме сьвятога Сэбастыяна ў Нэгомба былі забітыя больш за 50 вернікаў. Гэта найбуйнейшы напад у Шры-Ланцы з часу заканчэньня грамадзянскай вайны 10 гадоў таму.
Паводле дадзеных паліцыі, сярод ахвяраў ня менш за 35 замежнікаў, у тым ліку грамадзяне Брытаніі і ЗША.
Адказнасьць за выбухі пакуль ніхто на сябе ня ўзяў. Прынамсі адзін выбух, паводле дадзеных паліцыі, зьдзейсьніў сьмяротнік. Прэм’ер-міністар Шры-Ланкі абвясьціў аб затрыманьні васьмі чалавек, якіх падазраюць у датычнасьці да нападаў. Паведамляецца, што гэта мясцовыя жыхары. Падчас апэрацыі па іх затрыманьні загінулі трое паліцыянтаў.
Улады абвясьцілі камэнданцкую гадзіну на ўсёй тэрыторыі краіны і абмежавалі доступ да сацыяльных сетак. Пра тэрмін заканчэньня гэтых абмежавальных мераў пакуль не паведамляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Шры-Ланцы адбыўся восьмы за дзень выбухХрысьціяне складаюць крыху больш за 7% насельніцтва Шры-Ланкі. Больш за 70 адсоткаў вернікаў у краіне — будысты, больш за 12% індуісты, каля 9% — мусульмане. Шэраг апошніх падзей сьведчыў пра рост напружанасьці ў стасунках паміж прадстаўнікамі розных канфэсій.
Напады асудзілі сусьветныя лідэры, у тым ліку прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі, прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган.