У час падліку галасоў ва амбасадзе Ўкраіны ў Менску ўвечары 21 красавіка ўкраінскі амбасадар Ігар Кізім расказаў Свабодзе пра тое, якімі будуць стасункі зь Беларусьсю пры новым прэзыдэнце Ўладзімеры Зяленскім.
Уся трансьляцыя з галасаваньня ва ўкраінскай амбасадзе ў Менску
«Спадзяюся, што будзе працягвацца курс на паглыбленьне супрацы, толькі па ўзыходзячай, — заявіў амбасадар Ігар Кізім пасьля абвяшчэньня першых вынікаў экзыт-полаў. — Я ня бачу пагрозаў разьвіцьцю беларуска-ўкраінскіх стасункаў цяпер.
Што да Ўкраіны, я думаю, што народ украінскі мудры. Калі будзе выбраны прэзыдэнтам Зяленскі, то ў яго будзе толькі адзіны выбар: наперад да Эўрапейскага зьвязу і NATO».
Амбасадар нагадаў, што Ўкраіна — парлямэнцка-прэзыдэнцкая рэспубліка і шмат што будзе залежаць ад вынікаў парлямэнцкіх выбараў (яны маюць прайсьці 27 кастрычніка 2019 году), ды й перад новым прэзыдэнтам будуць стаяць ня толькі пытаньні замежнай палітыкі, але і абароны і бясьпекі, фармаваньня кааліцыі.
Пятро Парашэнка, дадаў Кізім, гатовы сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, каб абмеркаваць вынікі выбараў ва Ўкраіне. Калі да такой сустрэчы будзе гатовы Ўладзімір Зяленскі, і яе арганізуюць у які заўгодна час, адзначыў амбасадар. Дакладна вядома, што на кастрычнік гэтага году плянуецца другі Форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі — і на ім маюць быць прысутныя прэзыдэнты абедзьвюх краінаў.
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.