Спэцназ разагнаў летнік анархістаў пад Берасьцем. Затрыманых вінавацяць у хуліганстве

Ілюстрацыйнае фота

У суботу ў лесе пад Берасьцем супрацоўнікі спэцыяльнага атраду міліцыі хуткага рэагаваньня затрымалі 11 актывістаў анархісцкага руху, якія праводзілі ў лесе летнік.

Вячаслаў Касінераў

«11 чалавек былі зьбітыя і брутальна затрыманыя, закаваныя ў кайданкі. Пазьней іх адвезьлі ў мясцовы РАУС, дзе працягвалі біць, лаяцца і пагражаць. Некаторых катавалі, акунаючы галавой у туалет. Пры гэтым ніякіх прэтэнзій ці тлумачэньняў не патрабавалі. Толькі перапісвалі асабістыя зьвесткі.

У маладзёнаў патрабавалі прайсьці наркалягічную экспэртызу. Тыя, хто не адмаўляўся, пачулі, што ў іх нібыта нешта ёсьць у крыві, хоць ніхто з маладзёнаў не ўжывае кантраляваныя рэчы. Пазьней адпусьцілі 5 чалавек», — паведаміў у Фэйсбуку актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў.

Пра знаходжаньне ў зьняволеньні 6 маладых людзей, якіх затрымалі 20 красавіка, карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі ў ізалятары часовага ўтрыманьня Кобрынскага РАУС.

«Так, у нас 6 чалавек такіх ёсьць. Іх вінавацяць у дробным хуліганстве, іхную віну вызначыць суд», — сказаў супрацоўнік міліцыі, які падняў слухаўку на нумары начальніка ІЧУ.

Міліцыянт не ўдакладніў, у чым пэўна выявілася дробнае хуліганства затрыманых:

«Іх у мяне такіх шмат, не магу трымаць усё ў галаве. Паўтараю, суд вызначыць віну кожнага».