Выбухі на Шры-Ланцы: больш за 180 чалавек загінулі, паліцыя затрымала сем чалавек

Паводле некаторых паведамленьняў, напады ўчынілі сьмяротнікі, якія ўзарвалі сябе

Больш за 180 чалавек загінулі, яшчэ больш за 500 — параненыя ў выніку выбухаў на Шры-Ланцы 21 красавіка.

Як найменей шэсьць выбухаў прагучалі раніцай у некалькіх месцах, у тым ліку ў гатэлях і каталіцкіх храмах, дзе сабраліся вернікі, каб адзначыць Вялікдзень паводле грэгарыянскага календара. Як мінімум яшчэ адзін выбух адбыўся пазьней удзень.

Паводле некаторых паведамленьняў, напады ўчынілі сьмяротнікі, якія ўзарвалі сябе.

Міністар абароны паведаміў пра затрыманьне семярых падазраваных у сувязі з выбухамі.

Напады адбыліся на тры царквы ў горадзе Нэгомба, на поўнач ад найбуйнейшага гораду выспы Каломба, яшчэ адзін — у горадзе Батыкалоа.

Паводле дадзеных паліцыі, яшчэ тры выбухі прагрымелі ў пяцізоркавых гатэлях. Сярод загінулых — больш за 30 замежнікаў.

Гэты акт гвалту лічыцца самым маштабным з тых часоў, як на Шры-Ланцы скончылася грамадзянская вайна больш за дзесяць гадоў таму.

Папа Рымскі Францішак выказаў шкадаваньне з прычыны нападаў на Шры-Ланцы і выказаў падтрымку ахвярам «жорсткага гвалту».

Усяго 7% насельніцтва Шры-Ланкі вызнаюць хрысьціянства. Большасьць насельніцтва — будысты.

Адказнасьць за напад пакуль што ніхто на сябе не ўзяў.

Сусьветныя лідэры асудзілі напады.