На Шры-Ланцы адбыліся шэсьць выбухаў у гатэлях і каталіцкіх цэрквах падчас велікодных службаў. У выніку выбухаў загінулі 138 чалавек.
Ахвярамі сэрыі выбухаў у гатэлях і каталіцкіх цэрквах на Шры-Ланцы сталі 138 чалавек, паведамляе Reuters са спасылкай на дадзеныя мясцовых супрацоўнікаў бальніц і паліцыі. Параненыя больш за 400 чалавек.
Выбухі здарыліся практычна адначасова ў трох гатэлях і адной царкве ў сталіцы краіны Каломба, а таксама ў двух цэрквах у сталічным прыгарадзе Нэгомба.
Паводле мясцовых чыноўнікаў, сярод загінулых дзевяць замежнікаў.
Пакуль ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьць за тое, што здарылася.
Згодна з агульным перапісам насельніцтва 2012 году, з 22 мільёнаў насельніцтва Шры-Ланкі 70 % складаюць будысты, 12,6 % — індуісты, 9,7 % — мусульмане і 7,6 % — хрысбціяне.
У сваёй справаздачы аб правах чалавека ў Шры-Ланцы за 2018 год Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША адзначыў, што некаторыя хрысьціянскія групы і цэрквы паведамілі пра тое, што на іх ціснулі з мэтай спыніць набажэнства пасьля таго, як улады клясыфікавалі іх як «несанкцыянаваныя сходы». У дакладзе таксама гаворыцца, што будыйскія манахі рэгулярна спрабуюць зачыніць хрысьціянскія і мусульманскія месцы пакланеньні, спасылаючыся на неапазнаныя крыніцы.