Аляксандр Лукашэнка падзяліўся, як камунальнікі маюцца «добраўпарадкаваць» тэрыторыю Курапаты.
Гаворачы пра навядзеньне парадку ў Курапатах, Лукашэнка адзначыў, што яго пастаянна папракалі недастатковай увагай да гэтага месца, таму ён урэшце мусіў адрэагаваць.
«Якія да мяне прэтэнзіі? Мяне папракалі пастаянна, чаму там няма парадку, — перадае БелТА. — І на „Вялікай размове“ я сказаў: „Добра, калі трэба прэзыдэнту і тут парадак навесьці, я паспрабую“. Людзі, якім было даручана, з душой прыйшлі, вычысьцілі гэтую тэрыторыю, абгарадзілі лёгкай агароджай».
Лукашэнка падзяліўся плянамі, якім чынам улады маюцца «упрыгожыць» месца масавых расстрэлаў падчас сталінскіх рэпрэсій — сам ён 20 красавіка браў удзел у суботніку на «Лініі Сталіна».
Па яго словах, на плот камунальнікі павесяць кветкі — «як на праспэкце Пераможцаў» уздоўж разьдзяляльнай паласы. Таксама «зробяць вароты», каб людзі маглі упарадкавана зайсьці і выйсьці.
Гэтаксама Лукашэнка адзначыў, што ня варта перабольшваць градус палітызацыі курапацкай тэматыкі.
«Людзі сёньня занятыя на заводах, фабрыках, яны нават ня ведаюць пра гэтыя хітраспляценьні, нейкія дэбаты, градусы. А хто гэта чуе, задаецца пытаньнем: што, больш няма чаго рабіць?.. Я ўжо думаў, што ніхто ня будзе гэтую праблему палітызаваць, ніхто ня будзе нажывацца на гэтай тэме як палітык. А не....», — падсумаваў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка згадаў знос крыжоў у Курапатах: «Разьбярыцеся, хто гэтыя крыжы ставіў і хто ім дазваляў»Падчас пасланьня да беларускага народу і Нацыянальнага сходу 19 красавіка Лукашэнка сказаў, што досыць ужо плакацца, што недзе «крыжы зьнесьлі» — маўляў, няма большай праблемы. І чарговым разам загадаў разабрацца, хто тыя крыжы ставіў і хто дазваляў.