У рамках прамога эфіру каманда Ўкраінскай службы Радыё Свабода праводзіла фактчэк (праверку) заяваў кандыдатаў, аналізуючы, наколькі адпавядаюць рэчаіснасьці іх заявы. На дадзены момант апублікаваныя 11 зь іх.
1. Парашэнка: Мы так і не даведаліся, што зьбіраецца рабіць сам Зяленскі, а не яго дарадцы.
ФАКТЧЭК:
Перадвыбарная праграма кандыдата на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны Уладзімера Зяленскага не ўтрымлівае канкрэтных плянаў, за якія нясе адказнасьць прэзыдэнт, а таксама сьпісу яго дарадцаў і адказных чальцоў каманды.
2. Зяленскі: Першы Парашэнка кажа нам: даляр будзе па 10, а другі робіць па 30
ФАКТЧЭК:
Манэтарнай палітыкай і стабільнасьцю курсу нацыянальнай валюты займаецца Нацыянальны банк, а не прэзыдэнт. Старшыню НБУ прызначае Вярхоўная Рада па прадстаўленьні прэзыдэнта. У лістападзе 2014 г. Парашэнка сапраўды казаў у эфіры, што верне курс да эканамічна абгрунтаванага, і што ён не павінен быць больш 10-ці грыўняў за даляр.
3. Зяленскі: На Міхайлаўскай плошчы адзін Парашэнка крычыць «Пуцін, я табе пакажу», а другі са спадаром Мядведчуком перадае «приветики» у Маскву
ФАКТЧЭК:
Па дадзеных публічнага сэрвісу адсочваньня паветраных судоў Plane Finder, борт P4-GEM, які належыць Віктару Мядведчуку, лётаў у Маскву 4 красавіка 2019 па дадзеных журналістаў-сьледчых перадачы ’ʼСхемы«, яго борт быў адзіным, якому спэцслужбы абедзьвюх краін дазвалялі ажыцьцяўляць прамыя пералёты паміж Украінай і РФ. Толькі за пэрыяд са студзеня 2018 па лістапад 2018 ён зьдзейсьніў 21 прамы пералёт у Расею.
4. Зяленскі: Першы Парашэнка кажа: перадаў бізнэс ў сьляпы траст, а другі павялічыў ў 82 разы сваю маёмасьць.
ФАКТЧЭК:
Паводле «Forbes Украіна», у 2014 годзе маёмасьць Пятра Парашэнкі складае 750 000 000 даляраў, а ў 2017 годзе — 1 млрд даляраў. У 2018 годзе — 1,1 мільярда даляраў. У штабе Парашэнкі патлумачылі рост даходаў тым, што прэзыдэнт больш за тры гады не атрымліваў дывідэндаў ад прадпрыемстваў, канчатковым бенэфіцыярам якіх ён зьяўляецца.
5. Парашэнка: Курс маладога байца варта было пачаць у 2014, калі краіна мела патрэбу ў добраахвотніках, а Ўладзімер хаваўся ад позваў.
ФАКТЧЭК:
Мінабароны: ў 2014 і 2015 гадах падчас мабілізацыі Зяленскаму даслалі чатыры позвы, аднак кандыдат у ваенны камісарыят не зьявіўся. Маці Зяленскага ў красавіку 2019 заявіла, што не атрымлівала такіх позваў, а сын даўно пераехаў у Кіеў. У 2014 годзе, па дадзеных СМІ, яна тэлефанавала сыну і паведамляла пра адну з такіх позваў. Тады Зяленскі паабяцаў, што пойдзе ваяваць, калі спатрэбіцца.
6. Парашэнка да Зяленскага: Што вы рабілі раней, прасілі прабачэньня перад Кадыравым?
ФАКТЧЭК:
Зяленскі ў 2014 годзе папрасіў прабачэньня за жарт зь відэа, на якім плача Рамзан Кадыраў: «Мы б ніколі не сьмяяліся над нейкімі сьвятымі рэчамі. Незалежна ад прозьвішча. Таму я сказаў: «Прабачце».
7. Зяленскі заявіў, што з пачатку вайны ня быў у Расеі.
ФАКТЧЭК:
Згодна з інфармацыяй аб перасячэньні дзяржаўнай мяжы, якая ёсьць у распараджэньні журналістаў «Схем», апошні раз Уладзімер Зяленскі вылятаў у Расею (Маскву) 4 чэрвеня 2014. Вяртаўся адтуль 12 чэрвеня 2014.
8. Зяленскі: Чаму вы адмянілі закон аб незаконным узбагачэньні?
ФАКТЧЭК:
26 лютага суд прызнаў неканстытуцыйным артыкул аб незаконным узбагачэньні. Праз 2 дні Парашэнка ўнёс законапраект аб аднаўленьні адказнасьці за гэтае дзеяньне.
9. Парашэнка: Вы самі сказалі, што вы кот у мяшку, але вы не кот у мяшку, вы — мех, а ў вашым мяшку сёньня чэрці і каты, уключаючы алігархаў і былых рэгіяналаў.
ФАКТЧЭК:
Зяленскі 18 красавіка: «З нагоды ката ў мяшку: калі параўноўваць двух кандыдатаў, то мне здаецца, што лепш кот у мяшку, чым воўк у авечай скуры».
Кіраўнік штаба Зяленскага — Дзьмітрый Разумкаў — палітычную карʼеру пачаў у «Партыі рэгіёнаў». У 2006 г. ён уваходзіў у моладзевае крыло партыі («Маладыя Рэгіёны»).
10. Парашэнка: Вінаватыя за Ілавайск і Дэбальцава Пуцін, расейская армія і расейская агрэсія, вінаватыя тыя, хто зьнішчыў нашу армію, а мы яе аднавілі, калі вы хаваліся ад позваў
ФАКТЧЭК:
ГПУ: галоўным вінаватым Ілавайскай трагедыі ў жніўні 2014 года, у выніку якой толькі па афіцыйных дадзеных загінула 366 украінскіх вайскоўцаў, зьяўляецца ваеннае камандаваньне Расеі. Генпракуратура Ўкраіны паведаміла, што матэрыялы расьсьледаваньня ваенных злачынстваў падчас падзеяў у Ілавайску перададзеныя ў офіс Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. Сярод іншых фактараў трагедыі — дэзэртырства, развал арміі ў часы экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча і асобныя памылкі ўкраінскага ваеннага кіраўніцтва.
Па баях пад Дэбальцава расьсьледаваньня не вялося.
11. Парашэнка: Была жудасная частка, яна тычыцца пазыцыі майго апанэнта, калі ён назваў расейскіх наймітаў і рэгулярныя сілы РФ паўстанцамі «ДНР» і паўстанцамі «ЛНР»
ФАКТЧЭК:
Зяленскі сапраўды вымавіў словы «паўстанцы ЛДНР», але гэта была цытата, як ён сказаў, «пытаньняў з народу», якія ён зачытаў з ліста: «Ці праўда (я не сьцьвярджаю), што цукеркі Roshen у пайках паўстанцаў» ЛНР «і «ДНР»?