«Уся Беларусь да нас па гарэлку ходзіць». Як жыве беларуская вёска, куды можна трапіць празь мяжу з Украінай

Палеская вёска Семехавічы можа спаборнічаць за званьне самага аддаленага ад «вялікай зямлі» беларускага паселішча. Да найбліжэйшай вёскі на беларускай тэрыторыі — 15 кілямэтраў, да крамы — 25. А суседняя вёска Омыт увогуле за мяжой, ва Ўкраіне. Рэпартаж Свабоды пра тое, як жывуць беларускія і ўкраінскія палешукі.


Беларусь


Развал СССР для Семехавічаў стаў куды большай праблемай, чым для іншых палескіх паселішчаў. Адзіная шаша, якая зьвязвала Семехавічы з цывілізацыяй, адышла да Ўкраіны. Іншай дарогі, якой мог праехаць туды транспарт, папросту не існавала.

Украінцы дазволілі беларусам карыстацца дарогай амаль па-ранейшаму. У месцах перасячэньня мяжы паставілі спрошчаныя КПП, дарогу даглядалі беларускія дарожнікі, побач ішла беларуская лінія электраперадач.



Езьдзіць праз украінскую тэрыторыю ў Семехавічы беларусы мелі права толькі без прыпынкаў. У адваротным выпадку пагражаў штраф альбо нават некалькі сутак ва ўкраінскім пастарунку.

Працягвалася ўсё гэта да вясны 2014 году, калі ва Ўкраіне пачалася вайна і паўднёвыя суседзі вырашылі ўзмацніць ахову мяжы зь Беларусьсю. Доўгія перамовы ні да чога не прывялі, украінцы катэгарычна адмаўляліся пакінуць сытуацыю бязь зьменаў. У канцы восені 2014-га шашу паміж Невелем і Семехавічамі перакрылі людзі ў камуфляжы і з аўтаматамі Калашнікава.


Направа, потым налева, тады проста па гравейцы, па лесе


«Куды едзеце, хто вы? — зь сіняга Volvo выходзяць тры сур’ёзныя памежнікі і ідуць да нашага аўтамабіля. — Журналісты? Што вы тут робіце, навошта вам у Семехавічы? Дайце дакумэнты для праверкі».

Памежны патруль спыняе нас задоўга да мяжы, у вёсцы Малая Вулька. Ад больш блізкага знаёмства з памежнікамі ратуе загадзя зроблены званок у Памежны камітэт. Яны хутка высьвятляюць па тэлефоне, хто мы і ці сапраўды прыехалі рабіць рэпартаж пра жыцьцё на мяжы, пасьля чаго зычаць посьпеху і зьяжджаюць. Празь пяць кілямэтраў нас спыняе другі патруль.



«Я ведаю, што вы журналісты і куды едзеце, але мне трэба яшчэ раз праверыць вашы пашпарты і пасьведчаньні, — кажа малады памежнік і на некалькі хвілін зьнікае ў сваім аўта. — Нумары ў вас не тутэйшыя, таму мы спыняем і правяраем. Каб мясцовыя былі, то спакойна праехалі б, а так... У Семехавічы калі хочаце ехаць, то ў Невелі адразу за прыпынкам павярніце направа на гравейку церазь лес, потым празь некалькі кілямэтраў трэба павярнуць налева і зноў скрозь лес. Кілямэтраў дзесяць».

Памежнік ведае дарогу лепш за любы навігатар. Новай дарогі ў Семехавічы, збудаванай пасьля краху перамоваў з украінцамі, няма ні на мапах ад Google, ні на адпаведным сэрвісе кампаніі Yandex. Навігатар у нашым аўта, які да Невеля пэрыядычна падказваў правільны кірунак і сыгналізаваў пра кожнае адхіленьне ад маршруту, пакорліва заціх. Паводле яго, мы на хуткасьці 60 кілямэтраў у гадзіну ехалі проста пасярод сасновага лесу.


«Ва Ўкраіну? Па гарэлку езьдзім!»

Васіль Бараноўскі, жыве ў Семехавічах восем гадоў


«Восем гадоў назад я сюды вярнуўся, пераехаў зь Пінску, гэта ж мая родная вёска, — расказвае жыхар Семехавічаў Васіль Баброўскі. — Сёньня дзень народзінаў сьвяткую, 59 гадоў. Жыву цяпер у бацькоўскай хаце. Нас тут 20 чалавек засталося, а некалі 300 было. Вёска ж вялікая. З усіх бакоў Украіна. Хочаш, пакажу? Хадзем! Паўтара кілямэтра да мяжы».

Васіль жартуе. Паход да ўкраінскай мяжы можа абярнуцца непрыемнасьцямі, асабліва для чужынцаў. Нават мясцовыя перад кожным выхадам у лес па грыбы ці ягады павінны папярэдзіць памежнікаў: пазваніць перад выхадам і пасьля вяртаньня і расказаць, куды ідзеш, навошта і як доўга будзеш адсутнічаць. Калі гэтага не зрабіць, можна атрымаць як мінімум штраф. Калі зловяць украінцы — арышт на трое сутак. Таму кожны жыхар Семехавічаў мае нумар адказнага за гэты ўчастак мяжы.

Грыша Багдановіч, сябра Васіля Бараноўскага. Жыве ў Семехавічах усё жыцьцё



«Мы цяпер ва Ўкраіну ходзім выключна афіцыйна, празь Невель, там ёсьць памежны пераход, — расказвае Васіль. — У краму ходзім, там таньней. Данбас, вайна, а таньней. Харчы купляем. А сьпіртное там увогуле... Тут за 8 рублёў можна набыць, а там і за 4 магчыма. Узяў тры літры і нясеш. Усё нармальна ў нас, сябруем. Хоць украінцы да нас ня ходзяць, ім дорага. А мы сядзем на матаблок з мужыкамі — і паехалі ва Ўкраіну па гарэлку».

Сьвежая праблема, якую ў Семехавічах гатовыя абмяркоўваць усе — зьмена раскладу аўтакрамы. Да нядаўняга часу яна прыяжджала зь Пінску тройчы на тыдзень — па аўторках, чацьвяргах і суботах. Тыдзень таму аўторкі адмянілі.

Валянціна Багдановіч, разам зь сяброўкамі даглядае магілу партызана

Валянціна разам з суседкамі



«Глуш тут, — прызнаецца Васіль. — У Пінск часам ежджу, дык сястра ў лякарню цягае. Але і да нас прыяжджаюць мэдыкі раз на год, флюараграфію робяць. „Хуткую“ можна выклікаць без праблем. Нармальна мы тут жывём. У мяне пэнсія 300 рублёў, але хапае на хлеб, на цукар, на ўсё. Тэлевізія ў нас ёсьць. Украінскія два каналы, нашы ўсе. За ўкраінскімі выбарамі сачу, там два кандыдаты. Думаю, што малады пераможа. Парашэнка даўно, ён багаты, усю краіну абрабаваў. А гэты малады, недасьведчаны, ніхто яго ня ведае. Дакладна за яго ўсе прагаласуюць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі — 73,14%, Парашэнка — 24,53%. ЦВК Украіны падлічыў 97% галасоў



Пераяжджаць ва Ўкраіну Васіль ня хоча, нават нягледзячы на танную гарэлку. Кажа, што карані яго ў Беларусі і жыць ён будзе тут. Расказвае, што «ў Беларусі парадак, а ва Ўкраіне неразьбярыха».

У Семехавічах засталося ня больш за 20 чалавек. Амаль усе яны пэнсіянэры.

Будынак былой царквы. Яго выкупіў і перабудаваў "нейкі гарадзкі хлопец"


Калі адкінуць гісторыю з аўтакрамай, на жыцьцё жыхары Семехавічаў не наракаюць. 300 рублёў пэнсіі (некаторыя маюць і па 350), аўтобус да Пінску чатыры разы на тыдзень, мабільная сувязь — усё працуе.

Нядаўна скінуліся хто па колькі можа і паставілі ў цэнтры вёскі сталы з лаўкамі, побач з крыжам. Пафарбавалі ў яркія колеры. Так падрыхтаваліся да сьвяткаваньня Вялікадня. Найбліжэйшая царква, як і крама, за 25 кілямэтраў. Таму жыхары Семехавічаў маюць свой варыянт — каля 12 гадзін зьбіраюцца ўсёй вёскай ля ўпрыгожанага рознакаляровымі стужкамі крыжа, выносяць з дамоў стравы і напоі і сьвяткуюць да самага вечара.

Стараста Антаніна



Галоўная на сьвяце, як і ва ўсіх Семехавічах апошнія 15 гадоў, мясцовая стараста Антаніна Чугай. Ніхто дакладна ня можа прыгадаць, як і чаму выбралі менавіта Антаніну. Ставяцца вяскоўцы да сваёй старасты з павагай. Іншай улады ў Семехавічах проста няма, нават міліцыя сюды зазірае гады ў рады. Апошні раз былі, калі нехта «настукаў» праваахоўнікам пра самагонны апарат. Прыкладна два гады таму.


«Лукашэнку ўсе любяць»

«Я пешшу хаджу ва Ўкраіну, пакуль яшчэ ёсьць сілы, — расказвае стараста Антаніна. — У мяне там радня і знаёмыя. Я замужам была за ўкраінцам з таго боку мяжы, з Омыту. Дрэнна яны там цяпер жывуць. Пэнсіі малыя. Але цяпер даюць своечасова, бо раней маглі 2-3 месяцы не выплочваць. Перад выбарамі і пачалі нармальна плаціць».

Да пэнсіі Антаніна працавала спачатку ў бібліятэцы ў Невелі (пакуль не закрылі), а пасьля 12 гадоў паштальёнкай. Абыходзіла зь лістамі і газэтамі ўсе навакольныя вёскі. Кажа, што раней Семехавічы не былі настолькі адасобленымі. Дарога праз Украіну значна скарачала шлях да суседняга Невеля ды іншых вёсак. Цяпер туды пешшу дабірацца стала нашмат складаней. Палеткі, якія зьявіліся на асушаных у савецкі час балотах, зноў сталі дрыгвой. Стараста расказвае, што часам дзікіх зьвяроў бачыць часьцей, чым людзей. Казулі і ласі падыходзяць проста да яе дома.



«Семехавічы — гэта ад „сямі мхоў“, у нас тут сем азёр, берагі замшэлыя, імхі, — тлумачыць стараста Антаніна паходжаньне назвы сваёй вёскі. — Раней называлі больш па-мясцоваму — „СемехавЫчы“. А цяпер па-беларуску. У нас тут усе людзі палешукі. І зь беларускага боку, і з украінскага. І мова адна, і ўсё адно. Раней мы хадзілі адзін да аднаго, і дапамагалі, і жаніліся. Гэта цяпер нельга. Я ўкраінца выбрала, яшчэ калі ў пятай клясе была. Дурная! Ня думала, што пайду за яго, але выйшла. Тады ніхто ня ведаў, што мяжа будзе, 1967 год. Так і пражыла зь ім, сем гадоў назад памёр муж. Тут і пахавалі яго, у Семехавічах».

Ад мужа ў Антаніны засталася звычка глядзець украінскія тэлеканалы. Стараста расказвае, што сочыць за навінамі ў суседняй краіне, ведае пра выбары.

«Як паслухаеш яго (Парашэнку. — РС), то здаецца і талкова гаворыць, — кажа Антаніна. — Але ж разваліў усё за пяць гадоў. Малады (Зяленскі. — РС) таксама добра гаворыць. Хто яго ведае, як там будзе. Увогуле яны (украінцы. — РС) усе хацелі б, каб Лукашэнка і ў іх быў. Усе яго любяць. Кажуць, што мы шчасьлівыя, што ў нас такі прэзыдэнт».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бязьвіз +, даходы -. Страты і здабыткі Ўкраіны за апошнія 5 гадоў. НА КАРТКАХ


Паводле старасты, жыхары Семехавічаў цяпер ня часта выбіраюцца ў Невель ці Жыдчу. Таму і абураюцца, што аўтакрама стала езьдзіць радзей.

«15 кілямэтраў ісьці цяпер у адзін бок, яшчэ 15 назад, яно ўжо і мне цяжка, — кажа стараста. — Хаця як у грыбы пайду, то мо і 20 прайду за раз. А так у нас нармальна. Вось толькі аўтакрама гэтая. Мала двух разоў на тыдзень. Крама закрылася ўжо, „Эўраопт“ раз на месяц прыяжджае. Яно зразумела, што людзей тут мала. Але што нам рабіць? Будзем цяпер хлеб вучыцца нанова пячы, як даўней».

Муж Антаніны паходзіў з украінскай вёскі. Ён памёр сем гадоў таму

Жыхары Семехавічаў скідваюцца грашамі і ўпрыгожваюць магілу невядомага партызана


Жыхары Семехавічаў разам таксама даглядаюць мясцовыя могілкі і асабліва ганарацца тым, што не пакідаюць магілы невядомага партызана, забітага ў вайну. Месца ягонага пахаваньня агарадзілі ўжо ў 1990-я. Пад кіраўніцтвам старасты Антаніны жыхаркі Семехавічаў перад Вялікаднем абвязваюць агароджу помніка рознакаляровымі стужкамі. Імя пахаванага ніхто зь мясцовых ня ведае.


Украіна


Памежны пераход на беларуска-ўкраінскай мяжы ў Невелі зусім не вялікі. Мясцовыя ходзяць пешшу, для гэтага на пераходзе арганізаваны адмысловы канал. Каб праехаць на аўтамабілі, трэба набыць страхоўку. Гэта мінімум сем даляраў, і такія выдаткі могуць робяць нявыгаднай усе закупы. Машын у будні мала, чаргі няма. Супрацоўніца страхавой канторы гаворыць, што больш транспарту бывае ў выходныя, але таксама без ажыятажу. Цэны ва Ўкраіне за апошнія два гады вырасьлі, і цяпер нават украінскія прадукты часам можна таньней набыць у пінскіх супэрмаркетах.



Мястэчка, куды жыхар Семехавічаў Васіль езьдзіць зь сябрамі на матаблоку па гарэлку, знаходзіцца адразу за пунктам пропуску. Прыкладныкы — так яго называюць і ва Ўкраіне, і ў памежных беларускіх вёсках. Некалькі крамаў, над кожнай дзяржаўны сьцяг. За мястэчкам паварот на Омыт — суседнюю зь беларускімі Семехавічамі вёску. Наўпрост празь мяжу паміж імі каля двух кілямэтраў. Тут у 1967 годзе семехавіцкая стараста Антаніна пазнаёмілася з будучым мужам.


«Хай бы нас забралі ў Беларусь»

Омыт з памежнымі Прыкладнікамі зьвязвае шырокая, але мала прыдатная для перамяшчэньня на легкавіку дарога даўжынёй 6 кілямэтраў. Камень уперамешку з гравіем, больш за 40 км за гадзіну лепш не разганяцца. Нават не пазначаная на мапах лясная гравійка да Семехавічаў успамінаецца з удзячнасьцю.

На ўезьдзе ў Омыт рэшткі былой калгаснай фэрмы. Некалі тут трымалі не адну сотню кароваў. Насупраць фэрмы на патрэсканым драўляным слупе — дарожная шыльда з назвай паселішча.

Муж і жонка Барашкі да развалу СССР часта бывалі ў Семехавічах



«Чалавек 40 тут засталося можа, — расказваюць муж і жонка Барашкі. Адам Барашка ўсё жыцьцё прапрацаваў тут лесьніком. — А раней было толькі адных дзяцей 90, школьнікаў. Школа была, мэдпункт. Цяпер ні школы, ні крамы, нічога. Хай бы нашы тры вёскі тут забралі ў Беларусь. Мы тут адрэзаныя ад усяго. Транспарту няма, мэдыцыны няма. Няма жыцьця тут. Адна сям’я маладых засталася з траімі дзеткамі».

Пэнсія ў Адама — 1700 грыўняў (каля 130 беларускіх рублёў. — РС), 67 гадоў. У іншых вяскоўцаў можа быць і меншая. Грошы прывозяць раз на месяц, аддаюць гатоўкай на рукі. Як і жонка, былы лясьнік шчыра перакананы, што ў Беларусі жывецца лепш.



«Вось Семехавічы: малое сяло, а дарогу зрабілі, — расказваюць украінскія пэнсіянэры. — Крама ёсьць, усё ёсьць (на самой справе краму ў Семехавічах закрылі некалькі гадоў таму. — РС). Нам нават няма як дабрацца да Прыкладнікаў, аўтобус ня ходзіць. Школьнікаў толькі возяць. Зараз у іх канікулы будуць, чым хочаш дабірайся. Выбівалі мы маршрутку, але ня выбілі».

Старыя наракаюць на дрэннае мэдыцынскае абслугоўваньне і мясцовых «алігархаў», якія выкупілі некалькі дамоў у Омыце бліжэй да возера ды абгарадзілі падыходы да вады высокім плотам. Маўляў, не даюць жыцьця простым людзям.

«Пойдзем на выбары, — абяцаюць пэнсіянэры. — Галасаваць будзем за новую ўладу. За Парашэнку ня будзем. Ён грошы ў нас адабраў. Павінен быў даць індэксацыю на пэнсіі за пяць гадоў, але ўсіх людзей падмануў. Далі 3% індэксацыі за пяць гадоў — 100 грыўняў. Дзе вы бачылі такое пры такіх цэнах? Каня трымаем, агарод, каб усё сваё было. На купленым мы ўжо не пражывём».

Будынкі омыцкіх "алігархаў"

Сельскі савет з замком на дзьвярах



Адам расказвае, што за паўночнай мяжой ня быў даўно, але ведае сытуацыю ад сына, які пераехаў жыць у Беларусь. Гаворыць пра калгасы (у Омыце калгас разваліўся неўзабаве пасьля развалу СССР), парадак і магчымасьць зарабіць. У Семехавічы мясцовым трапіць яшчэ цяжэй, чым менчукам. Трэба атрымаць у беларускіх уладаў адмысловую даведку пра наяўнасьць у Семехавічах радні. Зь дзясятак гадоў таму Адам, абворваючы лес ад пажару, выпадкова заехаў на кані ў Беларусь. Абышлося бяз штрафу, але памежнікі пратрымалі парушальніка некалькі гадзін, чакаючы рашэньня абласнога берасьцейскага начальства.

Жыхарка Омыта Надзея Арашкевіч. У Семехавічах апошні раз была перад распадам СССР

Надзея Арашкевіч - адзіная, хто трымае ў Омыце карову. Унукам патрэбнае малако, якое складана набыць


«Уся Беларусь да нас па гарэлку ходзіць»

У цэнтры Омыту захаваўся стары брук (у Семехавічах спрэс роўны асфальт), стаіць драўляны крыж. Упрыгожаны такім жа спосабам, як і крыж у беларускай вёсцы. Адно, што стужак менш і яны больш выцьвілыя. Побач вялікі помнік палеглым у Другую сусьветную партызанам са сьціплым букетам кветак.

Непадалёк ад помніка адразу некалькі будынкаў пад жоўта-блакітнымі сьцягамі. Клюб і сядзіба старшыні сельсавету. У абодвух на дзьвярах навясныя замкі. Мясцовыя кажуць, клюб працуе па адным яму вядомым графіку. А старшыня сельсавету (ён жа адзіны яго супрацоўнік і адзіны на ўсю ваколіцу прадстаўнік улады) прыяжджае ў вёску раз на тыдзень. Апошні раз быў, калі вадзіў па паселішчы журналістаў. Старасту мясцовыя жыхары сабе не выбіраюць. Паліцыя ў Омыт не прыяжджае нават пасьля паведамленьняў пра самагоншчыкаў.

Мікалай Ганчук. У юнацтве хадзіў у беларускія Семехавічы на танцы.

Жонка Мікалая Ганчука Вера. Іх дзеці даўно пераехалі жыць у Беларусь.



«Дачка мая ў Беларусі жыве, у Васілішках пад Горадняй, а я тут усё жыцьцё, усе 79 гадоў, — гаворыць жыхар Омыту Мікалай Ганчук. — На розных працах я тут працаваў. І на фэрме, і на лесанарыхтоўцы. У Пермі працаваў, у Валгаградзе, у Саратаве, паўсюль быў. А цяпер тут жыву. Добра жыву. На возеры рыбу лаўлю, грыбы ў лесе зьбіраю, ягады, паветра чыстае, прыгожа тут. Раней клюб быў, то на танцы хадзілі. Я барабаншчыкам быў, хадзіў па вёсках з барабанам. І ў Семехавічы хадзіў вашыя. У мяне там радня, я там усіх ведаю».

У Омыце, як і ў Семехавічах, у асноўным жывуць пэнсіянэры



У суседніх Семехавічах Мікалай быў апошні раз перад развалам СССР. Кажа, што цяпер празь лес «не пускаюць». Як грамадзяніну Ўкраіны яму трэба атрымліваць спэцыяльны пропуск на знаходжаньне ў беларускай памежнай зоне.

«У Беларусі ў Семехавічах крама была лепшая, — успамінае Мікалай. — То мы туды хадзілі. Дастаўка лепшая, лепшыя тавары. Кажаце, што ў Семехавічах краму закрылі ўжо? Ясна. У нас таксама аўтакрама толькі. Адзін раз на тыдзень. Мужык адзін купіў машыну і возіць, забясьпечвае ўсе вёскі, паўраёна. У вас, у Беларусі, людзі лепш жывуць. У вас пэнсія большая. У мяне паўтары тысячы грыўняў, у жонкі яшчэ менш. Сто даляраў на дваіх. Бульбу садзім, дзеці зь Беларусі прыяжджаюць. Хлеб 12 грыўняў, бутэлька гарэлкі 35 (курс грыўні да даляра — 27:1. — РС). А ёсьць і па 40, і па 60. Каньяк — 120. Да нас уся Беларусь па гарэлку ходзіць. Зрабілі „скапідар“ па 35 грывень, і яны ўсе па гэты „скапідар“ ідуць».



Мікалай хваліць беларускія прадукты, якія час ад часу прывозяць дзеці зь Пінску і Горадні. Асабліва даспадобы яму беларускі хлеб. Кажа, што свой украінскі пасьля яго нават ня хочацца есьці. На выбары чарговага прэзыдэнта вясковец асабліва не спадзяецца.

«Галасаваць буду, як удасца, — са сьмехам кажа Мікалай. — Пагляджу яшчэ па паводзінах. Добра, што іх двое засталося, а то было ведаеце колькі? Зараз адзін Зяленскі з Парашэнкам. Паглядзім. Нам скрынку для галасаваньня сюды прывязуць, у клюб. Нікуды ехаць ня трэба. Прагаласуем. Праўда, агітаваць сюды ў Омыт ніхто не прыяжджаў. Яны па вялікіх толькі агітуюць. Можа, дзе ў вялікіх сёлах яны што і рабілі, у нас няма».



Пераяжджаць у Беларусь Мікалай ня хоча. Кажа, што стары ўжо для такога. Дзеці ўладкаваліся за мяжой, і добра. Унук таксама там застаўся, ужо працуе ў Горадні ўрачом. Летам абяцаў прыехаць. Прывязе смачнага беларускага хлеба.