У праекце Каці Маркоўскай «Морква» грамадзкі актывіст Зьміцер Дашкевіч раскрытыкаваў апазыцыйных дзеячоў Беларусі, якія заяўляюць аб прэзыдэнцкіх амбіцыях.
«Партыі ня могуць па пары актывістаў выставіць, каб у Курапатах варта была. Але ўсе ідуць у прэзыдэнты. Мне гэта нецікава. Я б займаўся сваімі справамі, каб не Курапаты 2017-га, 2018-га і 2019 гадоў. Яны мяне не адпускаюць. Для мяне асабіста Курапаты — гэта першая, яна ж і апошняя справа, для якой я гатовы ахвяравацца. Усё астатняе мяне не цікавіць», — сказаў Дашкевіч.
Зьміцер Дашкевіч скептычна паставіўся да ідэі выпрабаваць сябе ў якасьці адзінага кандыдата ад апазыцыі. Пасьля ягонага выступу 24 сакавіка на сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці ў Менску шэф-рэдактар выданьня «Наша ніва» Андрэй Дынько назваў яго «наймацнейшым апазыцыйным палітыкам Беларусі»
«У нас якога ні вазьмі грамадзкага актывіста, які рот адкрыў ці пару гадоў у дэмакратычным руху, ён ужо кандыдат у прэзыдэнты. Асабіста мяне — а я назіраю за гэтым ужо 20 гадоў — ванітуе, у мяне рвотны рэфлекс ад усіх гэтых кандыдатаў у прэзыдэнты. І я не хачу быць у гэтым шэрагу», — заявіў Дашкевіч.
Падчас выступу з пасланьнем Лукашэнка заявіў, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у 2020 годзе і што ён ня будзе «круціць-вярцець і шукаць нейкую выгаду для захаваньня ўлады». Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына паведаміла пазьней, што прэзыдэнцкія выбары пройдуць у Беларусі не пазьней за 30 жніўня 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка не рашыўся праводзіць прэзыдэнцкія выбары сёлета. Тлумачыць палітоляг ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выбары прэзыдэнта могуць адбыцца паводле новай Канстытуцыі», — палітоляг пра заяву Лукашэнкі