Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што мала кантактаваў з грамадзянамі краіны за пяць гадоў свайго прэзыдэнцтва, і паабяцаў дастукацца да выбарнікаў усімі сродкамі.
«Пяць гадоў таму вы даверыліся мне. Я рабіў памылкі, але мне сапраўды не сорамна за гэтыя пяць гадоў. Разумею, што мала з вамі гаварыў, — я займаўся краінай. І таму зараз я спрабую дастукацца да вас усімі сродкамі. Выкарыстоўваю мэтады апанэнта, і, магчыма, нават выглядаю незвычайна, але я гэтага не баюся, калі так вы мяне пачуеце!» — сказаў Парашэнка ў сваім відэазвароце ў Фэйсбуку.
«Я не здаюся і ня здамся, я буду змагацца за Ўкраіну як прэзыдэнт, як кандыдат, як грамадзянін!» — сказаў ён.
19 красавіка на стадыёне «Алімпійскі» у Кіеве пройдуць дэбаты Парашэнка і Зяленскі.
Тэлеканал «Настоящее время» пакажа іх у наўпроставым эфіры з сынхронным перакладам на расейскую мову. Трансьляцыя пачнецца ў 14.00 па беларускім і кіеўскім часе, а самі дэбаты — у 19.00.
У 15:30 украінская служба Радыё Свабода пачне жывую трансьляцыю са стадыёну Алімпійскі" у Кіеве. А 19.00 кандыдаты павінны пачаць сваю дыскусію на НСК «Алімпійскі». Пасьля гэтага ўкраінская Свабода будзе трансьляваць афіцыйныя дэбаты ў студыі Грамадзкага тэлебачаньня.
Гэта першыя вочныя дэбаты двух кандыдатаў у прэзыдэнты. Іх ідэя была выказана адразу пасьля першага тура, у якім Зяленскі набраў 30% галасоў, Парашэнка — 16%. Менавіта Зяленскі запрасіў свайго суперніка на стадыён «Алімпійскі», на што дзеючы прэзыдэнт заўважыў: «Стадыён так стадыён».
Паводле апошняга апытаньня Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялёгіі, у другім туры за Зяленскага прагаласавалі б 48,4% апытаных украінцаў, а за Парашэнку — 17%. Пры гэтым 17,9% апытаных заявілі, што яшчэ не вызначыліся з выбарам.