Адмысловец у выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер пракамэнтаваў Свабодзе рашэньне Лукашэнкі аб правядзеньні прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў: сёлета маюць прайсьці выбары ў Палату прадстаўнікоў, у 2020-м годзе — прэзыдэнцкія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сказаў, калі пройдуць прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары
«І Канстытуцыя, і Выбарчы кодэкс вызначаюць тэрмін працы дэпутатаў беларускага парлямэнту — 4 гады. Гэта імпэратыўная, абавязковая норма. Мяняць яе нельга ніякім чынам. І Канстытуцыя, і Выбарчы кодэкс патрабуюць, каб чарговыя выбары адбываліся не пазьней за тры месяцы да заканчэньня паўнамоцтваў дзейнага складу Палаты прадстаўнікоў.
Так што перанос выбараў, з майго пункту гледжаньня, гэта парушэньне і Канстытуцыі, і Выбарчага кодэксу. Прычым, гэта ня першае парушэньне.
Але, з іншага боку, фармальна парлямэнцкія выбары могуць быць аб’яўленыя ў любы тэрмін. Бо напісана, што яны праводзяцца „не пазьней за тры месяцы“, а значыць фармальна іх можна правесьці і за 10 месяцаў да заканчэньня дэпутацкага тэрміну, і за год, і за два. Галоўнае, каб не пазьней за тры месяцы.
Гэта юрыдычная калізія, якую тлумачыць доўга, і якую цяжка зразумець не экспэртам. Улады гэтым карыстаюцца», — патлумачыў Сяргей Альфер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка не рашыўся праводзіць прэзыдэнцкія выбары сёлета. Тлумачыць палітоляг