Надмагільнай плітой беларуска-польскага пісьменьніка Яна Баршчэўскага, пахаванага ва ўкраінскім мястэчку Чуднаў Жытомірскай вобласьці, заапекавалася мясцовая польская грамада.
Гаспадары падворка, на якім знайшлася надмагільная пліта, перадалі яе прадстаўнікам Саюзу палякаў, якія прыехалі з Жытоміра, а тыя, у сваю чаргу, — у рыма-каталіцкі касьцёл Адшуканьня Крыжа Гасподняга ў Чуднаве.
«Пакуль вырашылі зьбіраць сродкі на рэстаўрацыю, а ўжо пасьля гэтага плянуецца ўхваліць рашэньне, дзе яе ўсталяваць. Папярэдне гаворка ідзе пра тэрыторыю касьцёла», — сказала Свабодзе загадчыца аддзелу культуры Чуднаўскай гарадзкой рады Сьвятлана Захарчанка.
Паводле яе, Жытомірская абласная рада плянуе надаць надмагільнай пліце статус гістарычнага помніка.
«Калі будзе завершаная рэстаўрацыя і канчаткова вызначана месца ўстанаўленьня пліты, мы абавязкова на гэтае мерапрыемства запросім і польскі, і беларускі бок», — дадала Сьвятлана Захарчанка.
Прадстаўніца Чуднаўскай гарадзкой рады дадала, што месца пахаваньня Яна Баршчэўскага пакуль дакладна не вядомае — у мястэчку было некалькі каталіцкіх могілак.
Хто такі Ян Баршчэўскі
Ян Баршчэўскі — беларускі пісьменьнік, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, нарадзіўся ў Полацкім павеце.
Паступіў у Полацкую езуіцкую акадэмію. Менавіта там ён набыў вядомасьць чытальніка і аўтара вершаў. У 1809 годзе напісаў паэму «Пояс Вэнэры», якая, на жаль, не захавалася.
Студэнцкія канікулы часьцей за ўсё праводзіў у падарожжах па навакольлях возера Нешчарда. Зьбіраў беларускі фальклёр, апісваў курганы і гарадзішчы.
Пісаў па-польску і па-беларуску, вядомыя ягоныя вершы, напісаныя па-беларуску — «Дзеванька» (прысьвечаны любімай дзяўчыне, Максімовіч) і «Бунт хлопаў».
У 1820-ых пераехаў у Пецярбург, дзе выкладаў грэчаскую і лацінскую мовы, вывучаў старажытную літаратуру. Там жа пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам. Разам з іншымі літаратарамі выдаваў штогадовы альманах «Niezabudka» на польскай мове.
Ягоны найбольш вядомы твор — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» — напісаны па-польску.
Да 1850 году пераехаў жыць у Чуднаў, ва Ўкраіну. Апошнія гады жыцьця правёў у доме графіні Ю. Ржавускай. Там жа ў той час жыў мастак Напалеон Орда. Памёр ад сухотаў.