Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выступіў з тэрміновым зваротам да грамадзян.
Ён заявіў, што рызыкоўна экспэрымэнтаваць з пасадай прэзыдэнта. Паводле яго, перамога ягонага апанэнта Ўладзімра Зяленскага ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў 21 красавіка можа прывесьці да «рэваншу» і вяртаньня Ўкраіны ў сфэру ўплыву Расеі, а таксама спыніць рух Украіны да Эўразьвязу і NATO.
«Пяцігадовае прэзыдэнцтва — гэта не камэдыя, якую можна пераключыць на любым эпізодзе, калі ўжо стала нясьмешна. І ня фільм жахаў, які лёгка спыніць, калі ўжо зусім страшна».
Парашэнка таксама сказаў, што вяртаньне «Прыватбанку» алігарху Ігару Коломойскому пагражае мільёнам кліентаў стратай сродкаў, а Ўкраіне — дэфолтам.
Парашэнка папрасіў прабачэньня ў грамадзян:
«Я ведаю як цяжка кожнаму з вас прабачыць мае памылкі і паверыць мне яшчэ раз».
Прэзыдэнт Украіны завяршыў сваю прамову гэтак:
«Калі вы прыйдзеце на выбарчыя ўчасткі, ня думайце пра Зяленскага. І пра Парашэнку таксама ня думайце. Думайце пра Ўкраіну — як яе зьберагчы. Гэтаксама як у 14-м вы спынілі "Наваросію", цяпер прашу не дапусьціць ператварэньня Ўкраіны ў "Маларосію". Слава Ўкраіне!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Кіеве задаволіў пазоў Каламойскага аб неправамернасьці нацыяналізацыі «Прыватбанку»