Журналістаў недзяржаўных СМІ не акрэдытавалі на пасланьне Лукашэнкі

Журналіст "Эўрарадыё" Зьміцер Лукашук

Прадстаўнікоў шэрагу недзяржаўных СМІ не акрэдытавалі на асьвятленьне штогадовага пасланьня Аляксандра Лукашэнкі да народу і Нацыянальнага сходу 19 красавіка, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Журналісты БелаПАН Тацяна Каравянкова і спэцыяльны карэспандэнт «Эўрапейскага радыё для Беларусі» Зьміцер Лукашук маюць пастаянную акрэдытацыю для працы ў парлямэнце, але ім не далі магчымасьці асьвятляць пасланьне Аляксандра Лукашэнкі з прэс-цэнтру Палаты прадстаўнікоў. Гэтаксама адмовілі ў акрэдытацыі журналістам парталу Tut.by.

Як патлумачылі Тацяне Каравянковай у прэсавай службе Палаты прадстаўнікоў, гэтым разам мабілізаваная вялікая колькасьць супрацоўнікаў рэгіянальнай прэсы, таму для іншых месца «не хапіла фізычна». Чаму абмежаваньні ня тычацца дзяржаўных СМІ, не ўдакладняецца.

Аляксандар Лукашэнка пачне прамаўляць 19 красавіка а 10.30 у Авальнай залі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.