Шэсьць з паловай гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму прысудзілі жыхару вёскі Махро Янаўскага (Іванаўскага) раёну на Берасьцейшчыне за тое, што напаў з нажом на міліцыянта.
Апроч таго, асуджаны абавязаны выплаціць 3 тысячы рублёў маральнай кампэнсацыі міліцыянту. Такі прысуд агучыў суд Янаўскага раёну 17 красавіка, паведамляе прэсавая служба Вярхоўнага суду.
Канфлікт адбыўся ў вёсцы Махро. Жыхар гэтай вёскі выклікаў міліцыянтаў на аднавяскоўца, які ў нецьвярозым стане не хацеў пакідаць ягоны дом.
На выклік прыехалі міліцыянты Янаўскага РАУС для правядзеньня разбору. Калі міліцыянты зайшлі ў дом чалавека, які іх выклікаў, п’яны вясковец ударыў нажом у жывот аднаго з супрацоўнікаў.
Экспэртыза кваліфікавала раненьне як цяжкае. Справу разглядалі паводле артыкулу 147 Крымінальнага кодэксу, частка 2, пункт 5 — «наўмыснае нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў асобе ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ёй службовай дзейнасьці».