Суд у Кіеве задаволіў пазоў Каламойскага аб неправамернасьці нацыяналізацыі «Прыватбанку»

Ігар Каламойскі

Акруговы адміністрацыйны суд Кіева 18 красавіка задаволіў пазоў украінскага алігарха Ігара Каламойскага да Нацыянальнага банку Ўкраіны і ўраду Ўкраіны і прызнаў неправамернай нацыяналізацыю «Прыватбанку», які належаў Каламойскаму, паведамляе «Настоящее время».

«Працэдура вываду неплатаздольнага „Прыватбанку“ з рынку з удзелам дзяржавы парушала нормы дзейнага заканадаўства», — сказана ў рашэньні суду.

У Нацбанку паведамілі, што будуць абскарджваць гэтае рашэньне:

«Законнасьць рашэньняў відавочная, і зваротная працэдура ў гэтым пытаньні немагчымая, для гэтага няма ні прававых, ні эканамічных падстаў. Рашэньне суду не ўступіла ў законную сілу і будзе абскарджана Нацыянальным банкам. Мы працягнем даказваць законнасьць дзеяньняў і прынятых рашэньняў рэгулятара ў апэляцыйнай інстанцыі. Зьвяртаем увагу, што спароджаная судовымі рашэньнямі прававая нявызначанасьць падрывае фінансавую стабільнасьць», — паведаміў 18 красавіка начальнік упраўленьня прэтэнзійна-пазоўнай працы юрыдычнага дэпартамэнту Нацбанку Ўкраіны Віктар Грыгарчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алігарх Ігар Каламойскі: Я хачу, каб Зяленскі стаў прэзыдэнтам

«Прыватбанк» быў заснаваны ў 1992 годзе, ягоным найбуйнейшым уладальнікам з доляй у 41,6% быў украінскі бізнэсовец Ігар Каламойскі, апазыцыйны да прэзыдэнта Пятра Парашэнкі. На момант анэксіі Крыму гэта быў найбуйнейшы банк сярод 108, якія дзейнічалі ва Ўкраіне.

Аддзяленьне «Прыватбанку», ілюстрацыйнае фота

У сьнежні 2016 году ўрад Украіны і кіраўнік Нацбанку Валерыя Гонтарава прынялі рашэньне перавесьці банк у 100-адсоткавую дзяржаўную ўласнасьць. Гонтарава і ўрад тлумачылі гэта тым, што па выніках 2016 году «Прыватбанк» не выканаў сваіх абавязаньняў у дакапіталізацыі і праводзіў «няўзважаную крэдытную палітыку». Сьледчыя праграмы «Схемы» ў прыватнасьці паведамлялі, што банк выдаў вялікую колькасьць крэдытаў (больш за $ 4,23 млрд) кампаніям-аднадзёнкам, якія не вядуць дзейнасьці, альбо фірмам, зьвязанымі з экс-уладальнікамі, у асноўным з самім Каламойскім.

Таксама, па дадзеных Нацбанку Ўкраіны, на 1 сьнежня 2017 году недахоп капіталаў банку вырас да 148 млрд грыўняў (5,6 млрд даляраў ЗША), а банк амаль год не выконваў нарматывы абавязковага рэзэрваваньня.

Аднак банк меў занадта вялікую колькасьць прыватных кліентаў ва Ўкраіне (больш за 20 млн чалавек) і ягоны крах мог прывесьці да краху усёй банкаўскай сыстэмы краіны. Менавіта таму было прынята рашэньне яго ратаваць, тлумачылі ў Нацбанку.

Каламойскі тады заявіў, што рашэньне аб нацыяналізацыі «Прыватбанку» — «клясычнае рэйдэрства», і падкрэсьліваў, што становішча банку зусім не было такім дрэнным, як сьцьвярджалі ў Нацбанку. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ён неаднаразова патрабаваў ад прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі вярнуць яму банк. А крытыкі Парашэнкі лічылі, што пытаньне «Прыватбанку» абавязкова павінна быць узьнятае на маючых адбыцца дэбатах Парашэнка і Ўладзіміра Зяленскага, якога сам Парашэнка называў «марыянэткай Каламойскага».

Хто такі Ігар Каламойскі

Ігара Каламойскага называюць адным з самых уплывовых алігархаў Украіны.

  • Нарадзіўся ў 1963 годзе ў Днепрапятроўску (сёньня Дніпро). Інжынэр-мэталюрг, у сярэдзіне 1980-х ён стаў сузаснавальнікам аднаго зь першых ва Ўкраіне гандлёвых каапэратываў, а ў 1992 годзе заснаваў Прыватбанк, будучы найбуйнейшы банк Украіны.
  • Аснову групы «Прыват», акрамя аднайменнага банка, склалі фэрасплаўныя заводы Ўкраіны, горна-абагачальныя камбінаты, найбуйнейшая нафтагазавая кампанія краіны «Ўкрнафта», шэраг незалежных нафтаперапрацоўчых заводаў і сеткі аўтазаправак.
  • У пачатку 2000-х Каламойскі атрымаў кантроль над групай мэдыяактываў, якія аб’яднаў у найбуйнейшую ва Ўкраіне мэдыягрупу «1 + 1 мэдыя». У 2008 годзе Forbes ацэньваў маёмасьць Каламойскага ў $ 4,7 млрд.
  • У 2014–2015 гадах, пасьля акупацыі Расеяй Крыму і ваеннага крызісу ў Данбасе алігарх кіраваў Днепрапятроўскай (сёньня Січаслаўская) вобласьцю, але ў 2015 годзе быў зьняты ўказам Парашэнка.
  • Зьмяншэньне ўплыву Каламойскага і яго адхіленьне ад асноўных украінскіх актываў — Прыватбанка і «Ўкрнафты» — былі ў прыярытэце другой часткі прэзыдэнцтва Пятра Парашэнкі. Каламойскі становіцца фігурантам крымінальных спраў і пакідае Ўкраіну.
  • Маючы тры грамадзянствы (Украіны, Кіпру і Ізраілю), ён значную частку часу праводзіць у Жэнэве.