Украінскі алігарх Ігар Каламойскі пагадзіўся сустрэцца ў Ізраілі з журналістам праграмы «Схемы: карупцыя ў дэталях» (сумесны праект Радыё Свабода і тэлеканалу «UA: Першы») Міхайлам Ткачом і адказаў на пытаньні пра ўплыў на Уладзіміра Зяленскага, пра тое, ці пераедзе яго атачэньне ў высокія ўладныя кабінэты, ды распавёў, пры якіх умовах вернецца ва Ўкраіну.
— Скажыце, калі ласка, як вы апынуліся ў Ізраілі і ці праўда, што вы знаходзіцеся тут таму, што Ізраіль не выдае сваіх грамадзян?
— Я апынуўся ў Ізраілі таму, што сюды прыехаў. У верасьні месяцы. Па сямейных абставінах. А знаходжуся я тут у чаканьні таго, што мне скажуць мае адвакаты ў сувязі з апошнімі зьвесткамі, якія зьявіліся ў прэсе.
— Гэта расьсьледаваньне ў ЗША, я правільна разумею? ФБР?
— Так. У сувязі зь нібыта расьсьледаваньнем ў ЗША, таму што няма камэнтароў. Нічога незразумела. Таму адвакаты парэкамэндавалі пабыць пакуль тут, пакуль высьветляцца дэталі.
— Таму што Ізраіль не выдае сваіх грамадзян?
— Не, ну яны параілі мне пабыць тут.
Даведка РС:
Амэрыканскае інтэрнэт-выданьне The Daily Beast апублікавала матэрыял «Украінскі алігарх-мільярдэр Ігар Каламойскі знаходзіцца пад сьледзтвам ФБР». У якім гаворыцца, што ён трапіў пад сьледзтва па абвінавачаньні ў фінансавых злачынствах.
Сьледчыя разглядаюць патэнцыйныя фінансавыя злачынствы, уключаючы адмываньне грошай, пра што выданьню паведамілі тры асобныя чалавекі, знаёмыя з тэмай. Адначасова адвакат алігарха Майкл Саліван у камэнтары выданьню заявіў, што Каламойскі не абвінавачаны ні ў адным злачынстве і катэгарычна адмаўляе сьцьвярджэньні, што ён адмываў сродкі ў ЗША.
— Калі пераможа Зяленскі, вы вернецеся ва Ўкраіну?
— Ну, вядома! Ну, я зьбіраўся і раней вярнуцца, але цяпер там розныя выпадкі. Каб не было перадвыбарных нейкіх… У мяне былі пляны вярнуцца ва Ўкраіну паміж першым і другім турамі, яшчэ да першага туру. Але ў сувязі з тым, што такая вострая палітычная барацьба і каб не ствараць замяшаньня, перапалоху, я вырашыў тут спакойна адседзецца і не нэрваваць нікога ва Ўкраіне.
Вы ж бачыце. Я ня буду нікога крытыкаваць моцна, але наколькі неадэкватныя паводзіны цяперашняй улады. Асабліва кіраўніка, вярхоўнага галоўнакамандуючага. Таму прасьцей будзе дачакацца заканчэньня ўжо, разьвязкі.
— Як правільна ахарактарызаваць сувязь паміж вамі і Зяленскім?
— Я быў шапачна знаёмы з Зяленскім прыблізна з 2009–2010 году. Гэта было шапачнае знаёмства: «добры дзень — да пабачэньня». А больш цесна мы пазнаёміліся зь ім у другой палове, у канцы 2011 году — пачатку 2012-га.
Мы праводзілі тады зь ім досыць складаныя і доўгія перамовы: у яго заканчваўся кантракт зь «Інтэрам», і мы былі зацікаўленыя, каб ён перайшоў на «1 + 1». І ён хацеў праводзіць перамовы ня толькі з кіраўніцтвам каналу [гэта значыць, з Ткачэнкам, гендырэктарам — РС]. Ён хацеў, каб хтосьці быў з мажарытарныя акцыянэраў. Ён хацеў разумець, бо заключаўся 10-гадовы кантракт. Ім патрэбныя былі гарантыі таго, што тое, пра што дамовяцца, будзе выконвацца. Ну, гэта сур’ёзны кантракт. Пазнаёміліся ў дзелавой абстаноўцы, падчас правядзеньня перамоваў. Неяк пасьля гэтага склаліся чалавечыя такія адносіны.
З чэрвеня 2012 яны ўжо працуюць з «1 + 1». Вядома, у нас ёсьць нейкія зносіны, перасячэньне, кантакты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаўкі на прэзыдэнта. Як алігархі ўплываюць на выбары ва Ўкраіне— Ён наведваў вас. Прылятаў і ў Жэнэву.
— Так. Былі візыты ветлівасьці, віншаваньні з днём нараджэньня. Я часам віншаваў яго з днём нараджэньня. Ну, часта ў тэлефонным рэжыме павіншаваў. А так прысутнічаў, здаецца, за ўвесь час на адным дні нараджэньня, і ён у мяне быў на дні нараджэньня, магчыма, 1–2 разы.
Гэта звычайныя адносіны людзей, якія маюць, скажам так, агульныя інтарэсы з пункту гледжаньня кантракту, які, дарэчы, заканчваецца ў 2022 годзе. І цяпер стаіць пытаньне перад мэдыя-групай, хто будзе фронтмэнам. Рэйтынгі, долі ад праглядаў ніхто не адмяняў.
Кантракт кантрактам, а тое, што ён вырашыў ісьці ў прэзыдэнты, гэта было яго самастойнае рашэньне. Для ўсіх гэта было, як вы разумееце, нечаканасьцю.
Я даведаўся пра тое, што ён зьбіраецца ісьці на выбары, недзе ў 2017 годзе. Сярэдзіна году. А цьвёрдая ўпэўненасьць зьявілася ў 2018 годзе.
Але аналізуючы, скажам так, у адваротным кірунку, я зразумеў, што калі яны пачыналі здымаць гэты фільм, я думаю, што такія думкі зьявіліся ўжо тады. Але ён ні з кім не дзяліўся, ні ў кога не пытаўся, гэта самастойнае рашэньне.
Мы кажам аб новых тварах, аб поўнай перазагрузцы улады. І павінны быць людзі, якія не былі ва ўладзе, гэта значыць, каб не было супярэчнасьцяў.
— Вы плянуеце даваць парады Зяленскаму або ўплываць на яго?
— Ну, калі ён вырашыць, што трэба ў мяне нешта спытаць, то я, вядома ж, яму магу даць параду. Але гэта калі ў яго будзе такая неабходнасьць.
— Я разумею, што пасады вас не цікавяць, але ўплываць на тое, каго прызначаць на гэтыя пасады, вы плянуеце ці не?
— Не. У мяне такіх плянаў няма. Мы павінны быць сумленнымі перад сабой. Калі мы хочам перазагрузкі, то яна павінна быць ва ўсім і перш за ўсё яе варта пачаць зь сябе. Гэта значыць, калі мы будзем уплываць або ціснуць ці раіць (ну, я маю на ўвазе рабіць прапановы, ад якіх нельга адмовіцца), тады мы нічога не дасягнем. Проста абдурым каторы раз сорак мільёнаў і будзем чакаць чарговага падзеньня ўніз.
Небясьпека ня ў тым, каб я даваў парады. Я іх гатовы не даваць і наогул стаць нямым на пяць гадоў. Небясьпека ў тым, каб не зьявіліся вакол іншыя людзі, каб яны таксама пачыналі даваць парады, як вы кажаце, праз несыстэмнасьць. Я думаю, гэта хваробы росту і хвароба ўваходжаньня на пасаду, але яны пераадольваюцца. Я думаю, за першыя сто дзён (колькі даецца імунітэту), за сто дзён ён справіцца.
— Мы бачым, што падчас кампаніі ў Зяленскага вельмі часта ўзьнікаюць перасячэньні з вашай групай. У прыватнасьці, адвакат Андрэй Богдан. Вы ведаеце, у вас пыталіся пра гэта.
— Я лічу, што гэта маніпуляцыя грамадзкай думкай, проста маніпуляцыя. Ну ёсьць адвакат Богдан — які, перш за ўсё, ключавое слова «адвакат», а затым «Богдан», а затым «кліент ў яго Каламойскі», таму што ў яго ёсьць куча кліентаў. Чаму гэта зьвязваюць са мной? А чаму ён не перасякаецца тады з братамі Сігаламі і Фірташам? Я ня ведаю ўсіх кліентаў Богдана, але там досыць доўгі сьпіс.
— Там яшчэ была машына вашага паплечніка Цімура Міндзіча, на якой Зяленскі прыяжджаў здаваць аналізы. Гэта значыць, ёсьць розныя перасячэньні.
— Глядзіце, Цімур Міндзіч ў мэдыябізнэсе вельмі даўно. Калісьці ён працаваў нават на «1 + 1». Затым Ткачэнка яго вызваліў, таму што яны не спрацаваліся. Ён — самастойны бізнэсмэн, займаецца сваёй справай, у яго рознабаковыя інтарэсы. Ён — партнэр, наколькі я ведаю, у «95 квартале» зь Зяленскім і Шэфірамі. Але гэта ня больш, чым партнэрства. Калі ў яго ёсьць магчымасьць даць машыну на час кампаніі, дык гонар яму і хвала.
Там некалькі хлопцаў-ахоўнікаў. Яны працуюць у ахоўнай кампаніі. Я не знаходжуся паўтара году ў краіне. Ім трэба працаваць? Ну вось гэтыя ахоўнікі патрапілі да Зяленскага. Яны вельмі прафэсійныя, добрыя ахоўнікі. Вядома, калі такі чалавек, як Зяленскі, папрасіў аб ахове, яму далі найлепшых. Атрымліваецца, што ў мяне былі найлепшыя ахоўнікі, якія працуюць у гэтай фірме.
— У выпадку перамогі Зяленскага, якія шанцы, што людзі з вашага асяродзьдзя апынуцца ва ўладзе і зоймуць пэўныя пасады?
— Давайце пайменна.
— Напрыклад, спадар Паліца (экс-кіраўнік Адэскай вобласьці Ігар Паліца — блізкі паплечнік Каламойскага. Цяпер ён старшыня Валынскай абласной рады — РС.).
— Не зьбіраўся. Ну, магчыма, у парлямэнт. У яго, дарэчы, кажуць, свой праект: ён займаецца «Укропам», таму яны ніяк не перасякаюцца зь Зяленскім.
Аляксандр Шаўчэнка тое ж самае. Ён там цяпер фронтмэн «Укропу».
— Ёсьць людзі, зь якімі вы маеце кантакты, напрыклад, Арсен Авакаў, спадар Турчынаў. Захаваюць гэтыя людзі свае пасады, або, магчыма, атрымаюць нейкае павышэньне, калі пераможа Зяленскі? Яны вядуць з вамі нейкія перамовы?
— Не. Наогул ніякіх перамоваў. Усе дарослыя людзі. Усе разумеюць, што ёсьць палітычны працэс.
Вы ж разумееце, што калі чалавек прыйшоў, як вы сказалі, несыстэмна, яму было б нядрэнна разгледзецца для пачатку, перад тым, як шашкай секчы. Ну, прынамсі дзён 30–40. Наогул зразумець, як гэта працуе, функцыянуе.
— Адносна спадара Авакава (кіраўнік МУС Украіны — РС). Ёсьць розная інфармацыя аб тым, што ў выпадку перамогі Зяленскага, ключавая пасада будзе менавіта ў прэм’ер-міністра, і быццам ён ці то захавае цяперашнюю пасаду, ці то можа стаць прэм’ер-міністрам.
— Ну, давайце пачнем з таго, што ў нас прэм’ер-міністар — гэта палітычная фігура, якая абіраецца, лідэр, першы нумар сьпісу або лідэр партыі, якая перамагла на выбарах, ці лідэр сярод тых, якія ўтварылі кааліцыю. Звычайна практыка такая, што ён становіцца прэм’ер-міністрам.
Таму, калі Арсен Барысавіч [Авакаў — РС] узначаліць нейкі сьпіс, і гэтая партыя пераможа на выбарах, возьме больш галасоў і ўзначаліць кааліцыю, ну зразумела, тады ёсьць усе шанцы быць прэм’ер-міністрам.
— Гэта значыць, вы не плянуеце сёньня людзей са свайго атачэньня ці людзей, якія з вамі ў нармальных адносінах, інтэграваць у новую сыстэму, калі пераможа Зяленскі?
— Глядзіце, я лічу, што я ня буду ценявым кіраўніком краіны і шэрым кардыналам.
— Гэта значыць, Адміністрацыя прэзыдэнта ў Герцлію не пераедзе?
— Не. І ў Герцлію ня пераедзе, і ў Жэнэву не пераедзе. Гэта значыць, яна будзе на Банкавай у Кіеве, калі не перанясуць па іншым адрасе, і прызначэньне будзе рабіць, зноў жа, прэзыдэнт у рамках сваіх паўнамоцтваў.
— Пасьля першага туру з боку каманды Пятра Парашэнкі былі нейкія спробы з вамі пагаварыць?
— Не, не было.
— А да першага туру?
— Ну, там доўгая была гісторыя. Але ўжо за апошнія некалькі месяцаў нічога не было.
— Ці былі нейкія пісьмовыя дамоўленасьці (ці вы можаце гэтыя факты даказаць) і чаму пасьля нацыяналізацыі «Прыватбанку» (банк, які належаў Каламойскаму — РС) вы пэўны час ніякім чынам не выступалі супраць нацыяналізацыі, не было ніякіх заяў, не было ніводнага публічнага канфлікту? Была пэўная паўза.
— Дамоўленасьці, зафіксаваныя на паперы і пацьверджаныя перапіскай у электроннай пошце. То бок, калі гэта былі бізнес-дамоўленасьці, а не палітычныя, то можна было б зь імі ісці ў тую сыстэму, дзе ёсьць вусныя дамоўленасьці, якая прызнае вусныя дамоўленасьці. Гэта былі дамоўленасьці, дзе хтосьці спакойна ідзе, хтосьці не кранае ўлады, хтосьці паводзіць сябе ляяльна, а хтосьці не стварае праблем у бізнэсе.
— Колькі разоў за апошні тыдзень вы тэлефанавалі Уладзіміру Зяленскаму? Ці колькі раз ён тэлефанаваў да вас?
— Сёньня панядзелак…
— Зь мінулага панядзелка вось па гэты панядзелак.
— Ён мне ні разу не тэлефанаваў. А я яму — ні разу не тэлефанаваў. За апошні тыдзень?
— Так.
— Не тэлефанаваў.
— Колькі за месяц?
— За месяц, можа, два разы тэлефанаваў. Ну так, як справы? Як самаадчуваньне? Як сям’я?
— Ну, вы перажываеце?
— Вядома, я перажываю. Было б сьмешна сказаць, што я не перажываю. Так. Я перажываю, я хачу, каб ён стаў прэзыдэнтам. Мне гэтага хочацца. Але хочацца гэтага ня толькі мне, але і 80-ці адсоткам насельніцтва краіны.
* * *
Хто такі Ігар Каламойскі
Ігара Каламойскага называюць адным з самых уплывовых алігархаў Украіны.
- Нарадзіўся ў 1963 годзе ў Днепрапятроўску (сёньня Дніпро). Інжынэр-мэталюрг, у сярэдзіне 1980-х ён стаў сузаснавальнікам аднаго зь першых ва Ўкраіне гандлёвых каапэратываў, а ў 1992 годзе заснаваў Прыватбанк, будучы найбуйнейшы банк Украіны.
- Аснову групы «Прыват», акрамя аднайменнага банка, склалі фэрасплаўныя заводы Ўкраіны, горна-абагачальныя камбінаты, найбуйнейшая нафтагазавая кампанія краіны «Ўкрнафта», шэраг незалежных нафтаперапрацоўчых заводаў і сеткі аўтазаправак.
- У пачатку 2000-х Каламойскі атрымаў кантроль над групай мэдыяактываў, якія аб’яднаў у найбуйнейшую ва Ўкраіне мэдыягрупу «1 + 1 мэдыя». У 2008 годзе Forbes ацэньваў маёмасьць Каламойскага ў $ 4,7 млрд.
- У 2014–2015 гадах, пасьля акупацыі Расеяй Крыму і ваеннага крызісу ў Данбасе алігарх кіраваў Днепрапятроўскай (сёньня Січаслаўская) вобласьцю, але ў 2015 годзе быў зьняты ўказам Парашэнка.
- Зьмяншэньне ўплыву Каламойскага і яго адхіленьне ад асноўных украінскіх актываў — Прыватбанка і «Ўкрнафты» — былі ў прыярытэце другой часткі прэзыдэнцтва Пятра Парашэнкі. Каламойскі становіцца фігурантам крымінальных спраў і пакідае Ўкраіну.
- Маючы тры грамадзянствы (Украіны, Кіпру і Ізраілю), ён значную частку часу праводзіць у Жэнэве.
Як Каламойскі зьвязаны з Зяленскім
- Каламойскага зьвязваюць з прэзыдэнцкай кампаніяй Уладзіміра Зяленскага. Сярод афіцыйных спонсараў кандыдата ён ня лічыцца, але яго тэлеканал адыграў вырашальную ролю ў зьяўленьні новага палітыка.
- Студыя Зяленскага «Квартал 95» працуе на канале Каламойскага «1 + 1» з 2012 году. Тамсама выходзіць сэрыял «Слуга народа: гісторыя будучага прэзыдэнта» зь Зяленскім у галоўнай ролі. У тым ліку дзякуючы яму «1 + 1» стаў лідэрам прайм-тайма ва Ўкраіне.
- Заяву Зяленскага пра рашэньне балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах паказалі па «1 + 1» 31 сьнежня 2018 году, перад навагоднім зваротам Парашэнкі. Тэлеканал патлумачыў гэта барацьбой з «саўковым рудымэнтам».