6 красавіка ў Лёндане памерла брытанская лінгвістка, дасьледніца славянскіх і цюркскіх моваў і літаратураў, экспэрт па Цэнтральнай Азіі Шырын Акінэр.
Шырын Акінэр нарадзілася ў 1943 годзе ў горадзе Дака ў тагачаснай Брытанскай Індыі. Вучылася ў Лёнданскім унівэрсытэце, дзе вывучала славянскую філялёгію і турэцкую мову і літаратуру. У 1980 годзе абараніла дактарат на тэму «Рэлігійная лексыка татарска-беларускага кітаба са збораў Брытанскай бібліятэкі».
Выкладала ў школе ўсходніх і афрыканскіх дасьледаваньняў. У 2013 годзе была ўганараваная прэміяй імя Чынгіза Айтматава за шматгадовае вывучэньне рэгіёну.
З 1970-х гадоў Шырын Акінэр, працуючы над дактаратам, падтрымлівала цесныя кантакты з брытанскімі беларусамі, перадусім зь Беларускай бібліятэкай імя Францішка Скарыны і яе кіраўніком айцом Аляксандрам Надсанам.
Шырын Акінэр належыць заслуга азнаямленьня англамоўнага сьвету з духоўнай спадчынай беларускіх татараў — кітабамі (кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом — РС). Яе працы публікаваліся ў выдаваным у Лёндане навуковым часопісе «The Journal of Byelorussian Studies».
Апрача таго яна дасьледавала творчасьць беларускіх пісьменьнікаў у Польшчы. У 1982 годзе ў Беластоку выйшла яе праца «Сучасныя беларускія пісьменьнікі ў Польшчы», а ў 1984 годзе ў Лёндане — кніга «Мініяцюры» Сакрата Яновіча па-беларуску і па-ангельску (у яе перакладзе і зь яе прадмовай).
Пахаваньне Шырын Акінэр адбудзецца ў Лёндане 7 траўня.