Замест «жывога» надпісу «Ленінскі раён» на пабэрнардынскім узгорку зьявіцца суцэльная паласа кустоўя.
Гарадзкія ўлады прыслухаліся да пажаданьня гараджан і даручылі «Зелянбуду» зьмяніць дызайн.
Як расказаў галоўны інжынэр «Зелянбуду» Аляксандар Русак, каб умацаваць схіл, супрацоўнікі пасадзяць казацкі ядловец і туі суцэльнай паласой. Частку літар, якія падрыхтавалі пад надпіс, засеюць травой. Жывога надпісу «Кастрычніцкі раён» таксама ня будзе.
«Мы ўвогуле больш нічога рабіць ня будзем. Мы проста так глыбока ў гісторыю не зазіраем, а трапілі на самае балючае», — пракамэнтаваў Аляксандар Русак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ні сэнсавай, ні культурнай каштоўнасьці». У Горадні зьбіраюць подпісы супраць надпісу «Ленінскі раён»Вялікі надпіс «Ленінскі раён» зьявіўся на схіле ўзгорку, на якім стаіць бэрнардынскі касьцёл, 16 красавіка. Гэта за некалькі крокаў ад Савецкай плошчы. Літары зрабілі супрацоўнікі «Зелянгасу», зьняўшы дзірван. Іх плянавалі засадзіць кустоўем. Аналягічны надпіс «Кастрычніцкі раён» меўся зьявіцца на другім беразе Нёмана.
Пад пэтыцыяй супраць жывых надпісаў менш як за суткі пакінулі подпісы 900 чалавек.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.