Ва ўкраінскім горадзе Чуднаў (Жытомірская вобласьць) знайшлі надмагільле, як мяркуецца, аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага, піша ўкраінскі рэгіянальны партал chudnivnews.in.ua.
Жыхары Чуднава 17 гадоў таму на прыватным падворку адкапалі пліту. Калі зь яе сышла ржа, стала відаць імя Яна Баршчэўскага.
На пачатку 2000-х уласьнік падворку ў Чуднаве пачаў праводзіць газаправод і выкапаў нейкую чыгунную пліту. Ад іржы не было відаць, што на ёй напісана. Яна важыць 30-35 кіляграмаў.
17 гадоў пліта проста стаяла на падворку, пакуль уласьнік ня вырашыў зацэментаваць двор, а для эканоміі цэмэнту пакласьці пліту. Пад уплывам надвор’я іржа сышла з пліты, але гаспадары падумалі, што гэта нямецкая мова, і ня сталі перакладаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо сёньня: дзень памяці Яна Баршчэўскага15 красавіка плітой зацікавілася дачка гаспадароў падворку, якая стала шукаць адпаведнік імя з пліты ў інтэрнэце і знайшла, што пліта можа належыць пісьменьніку Яну Баршчэўскаму.
На надмагільлі надпіс па-польску:
«Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей.
Пісьменьнік натхненьняў і пачуцьця.
Жыў годна 70 гадоў».
Дасьледчыца беларускай літаратуры з Беластоку Галіна Тварановіч сказала Свабодзе, што цалкам магчыма, што гэтая пліта з магілы Яна Баршчэўскага, бо той сапраўды апошіня гады жыў і памёр у Чуднаве.
За савецкім часам каталіцкія могілкі былі разрабаваныя
Мясцовыя ўлады Чуднава зацікавіліся знаходкай і плянуюць яе захаваць.
«Ці ёсьць гэта гістарычным помнікам — трэба высьвятляць. Найбліжэйшым часам мы гэта зробім», — паведаміла Свабодзе загадчыца аддзелу культуры Чуднаўскай гарадзкой рады Сьвятлана Захарчанка.
Паводле яе, на каталіцкіх могілках у мястэчку шмат пахаваньняў вядомых людзей:
«Але за савецкім часам могілкі была разрабаваныя, і часам магільныя пліты выкарыстоўвалі, каб масьціць дарожкі. Напэўна, менавіта такім чынам, магільная пліта Яна Баршчэўскага апынулася на падвор’і мясцовага жыхара».
Стала вядома, калі нарадзіўся Баршчэўскі?
Надмагільная пліта Баршчэўскага — навуковая сэнсацыя, якая пралівае сьвятло на год нараджэньня пісьменьніка.
У гістарычных і літаратуразнаўчых крыніцах дагэтуль не быдо пэўнай даты нараджэньня пісьменьніка.
Паводле Бібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменьнікі», дата нараджэньня Яна Башчэўскага няпэўная: 1794, 1790 або 1796 год. Калі верыць надмагільнай пліце, якая сьведчыць, што Баршчэўскі жыў 70 гадоў і памёр у 1851 годзе, то вынікае, што ён нарадзіўся ў 1780 ці 1781-м.
Гісторык беларускай літаратуры і культуры Адам Мальдзіс з гэтай нагоды сказаў Свабодзе, што звычайна, калі ставілі помнікі, не памыляліся:
«Таму я б пад сумнеў ня ставіў гэтыя лічбы. Але, каб сказаць пэўна, каб паставіць тут кропку, трэба было б знайсьці архіўныя дакумэнты на гэты конт. Але ўжо наўрад ці гэта магчыма».
Дасьледчыца беларускай літаратуры Анхела Эспіноса, якая падрыхтавала дысэртацыю наконт Яна Баршчэўскага, кажа, што 1781 год — малаверагодная дата нараджэньня.
Вядома, што ён паступіў у Езуіцкую акадэмію ў 21 год. А калі браць да ўліку гэтую дату, то яму б мусіла быць 31.
Таксама Анхела кажа, што ў ягонай кнізе «Шляхціц Завальня» наратар зьяўляецца альтэр эга пісьменьніка, вучыцца ў акадэміі, прыяжджае да сваяка на вакацыі і яго пастаянна апісваюць як маладога хлопца.
Тое, што ён паступіў у акадэмію ў 21 год, пацьвярджаюць і дасьледаваньні (сьпіс першакурсьнікаў Полацкай акадэміі паводле дасьледчыка, прафэсара Міколы Хаўстовіча).
Янушкевіч: Гэта сэнсацыя ў гісторыі беларускага літаратуразнаўства
Літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч, адзін з дасьледчыкаў творчасьці Яна Баршчэўскага, усьцешаны знаходкай.
«Што да знаходкі надмагільнай пліты Яна Баршчэўскага, дык найперш падзяка таму дбайнаму гаспадару, які не пабіў яе на кавалкі, а паклаў у зямлю цалкам. Яна праўдзіва ўяўляе, не пабаюся гэтага слова, сэнсацыю ў гісторыі беларускага літаратуразнаўства. Бо гэтых лічбаў, выбітых на адшуканай пліце, вельмі доўга чакалі дасьледчыкі Генадзь Каханоўскі, Генадзь Кісялёў, Алег Лойка і ўсе тыя, хто займаўся творчасьцю Яна Баршчэўскага, гісторыяй беларускай літаратуры ХІХ стагодзьдзя.
Наогул калі паглядзець на падзеі апошніх 2-3 гадоў, вельмі сымбалічным бачыцца тое, што зямля адчыняе таямніцы для годных сыноў Беларусі. Каб яе нашчадкі працягвалі шанаваць і даведваліся пра іх больш, чым ведалі нават сучасьнікі».
Хто такі Ян Баршчэўскі
Ян Баршчэўскі — беларускі пісьменьнік, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, нарадзіўся ў Полацкім павеце.
Паступіў у Полацкую езуіцкую акадэмію. Менавіта там ён набыў вядомасьць чытальніка і аўтара вершаў. У 1809 годзе напісаў паэму «Пояс Вэнэры», якая, на жаль, не захавалася.
Студэнцкія канікулы часьцей за ўсё праводзіў у падарожжах па навакольлях возера Нешчарда. Зьбіраў беларускі фальклёр, апісваў курганы і гарадзішчы.
Пісаў па-польску і па-беларуску, вядомыя ягоныя вершы, напісаныя па-беларуску — «Дзеванька» (прысьвечаны любімай дзяўчыне, Максімовіч) і «Бунт хлопаў».
У 1820-ых пераехаў у Пецярбург, дзе выкладаў грэчаскую і лацінскую мовы, вывучаў старажытную літаратуру. Там жа пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам. Разам з іншымі літаратарамі выдаваў штогадовы альманах «Niezabudka» на польскай мове.
Ягоны найбольш вядомы твор — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» — напісаны па-польску.
Да 1850 году пераехаў жыць у Чуднаў, ва Ўкраіну. Апошнія гады жыцьця правёў у доме графіні Ю. Ржавускай. Там жа ў той час жыў мастак Напалеон Орда. Памёр ад сухотаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Курсіў чарнакніжніка