Кандыдат у прэзыдэнты, шоўмэн Уладзімір Зяленскі заявіў пра пачатак распаўсюджваньня білетаў на дэбаты са сваім сапернікам на выбарах, дзейным кіраўніком дзяржавы Пятром Парашэнкам на НСК «Алімпійскі».
Зяленскі абвясьціў пра гэта ў відэазвароце, апублікаваным у Facebook у ноч на 17 красавіка.
«Дэбаты-2019 19 красавіка, а 19-й, свабодны доступ. Распаўсюджваньне білетаў пачынаецца проста зараз на сайце debaty2019.org.ua», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апытаньне: За Зяленскага гатовыя галасаваць 48% выбарцаў, за Парашэнку — 17%Пакуль невядома, ці будуць прапанаваныя сапраўдныя квіткі для праходу на дэбаты.
Напярэдадні каманды кандыдатаў у прэзыдэнты Ўкраіны Пятра Парашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага заключылі пагадненьне з НСК «Алімпійскі» аб арэндзе 19 красавіка.
У той жа час, як заявіў прадстаўнік штабу Парашэнкі Алег Мядзьведзеў, бакі дагэтуль не дамовіліся аб рэглямэнце дэбатаў. Дэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты заплянаваныя на 19 красавіка. У якім фармаце яны адбудуцца, пакуль невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка vs Зяленскі. Параўноўваем праграмы кандыдатаў на прэзыдэнта Ўкраіны8 красавіка Парашэнка запрасіў свайго апанэнта Зяленскага, а таксама гледачоў і журналістаў, на дэбаты на НСК «Алімпійскі» 14 красавіка. У адказ Зяленскі заявіў, што сустрэча на стадыёне павінна адбыцца 19 красавіка.
14 красавіка Парашэнка прыйшоў на стадыён, дзе пагутарыў з журналістамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што расказаў Парашэнка, не дачакаўшыся Зяленскага на дэбатыЗгодна з законам аб выбарах прэзыдэнта Украіны, у апошнюю пятніцу перад днём паўторнага галасаваньня, 19 красавіка, тэледэбаты паміж кандыдатамі павінны адбыцца «паміж 19-й і 22-й гадзінамі ў жывым эфіры... у студыі (пакоі) Нацыянальнай грамадзкай тэлерадыёкампаніі Ўкраіны».
У Цэнтральнай выбарчай камісіі раней зьвярталі ўвагу на тое, што менавіта такія дэбаты ў студыі НСТУ прадугледжаны законам і адбываюцца за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту Ўкраіны, тады як дэбаты на стадыёне могуць быць формай перадвыбарчай агітацыі, і кандыдаты павінны аплаціць іх са сваіх фондаў.
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.