Былы губэрнатар штату Масачусэц Уільям Уэлд, які тры гады таму назад балятаваўся ў віцэ-прэзыдэнты ЗША ад Лібэртарыянскай партыі, стаў першым рэспубліканцам, які кінуў выклік прэзыдэнту Дональду Трампу на праймэрыз 2020 году.
Абвяшчаючы аб вылучэньні сваёй кандыдатуры, 73-гадовы Уэлд заявіў, што «прыйшоў час вярнуцца да прынцыпаў Лінкальна: роўнасьць, годнасьць і магчымасьці для ўсіх».
Уэлд абвінаваціў Трампа ў тым, што ён стварае для краіны «сур’ёзную небясьпеку». На думку кандыдата, прыярытэты прэзыдэнта перакошаныя і ў першую чаргу накіраваныя на «прасоўваньне сябе, а не на карысьць краіны».
Нацыянальны камітэт Рэспубліканскай партыі (НКРП) у студзені прыняў рэзалюцыю, у якой абвясьціў аб непадзельнай падтрымцы Трампа. Дакумэнт, аднак, ня мае абавязковага характару.
Праз рашэньне Ўэлда Трамп стаў першым дзейным прэзыдэнтам з часоў Джорджа Буша-старэйшага ў 1992 годзе, у якога зьявіўся прыкметны канкурэнт на праймэрыз.
У сучасную эпоху супернікам дзеючага прэзыдэнта на праймэрыз ніколі не ўдавалася дамагчыся афіцыйнага вылучэньня ад партыі.
Уэлд лічыцца кансэрватарам у фінансава-бюджэтных пытаньнях, але лібэралам у сацыяльных. Ён вядомы сваім нетрадыцыйным, часам экстравагантным палітычным стылем і даўняй гісторыяй супярэчнасьцяў з партыяй, якую ён цяпер хоча ўзначаліць.
У 2008 годзе Уэлд падтрымаў дэмакрата Барака Абаму, а не рэспубліканскага кандыдата Джона Макейна, але пазьней заявіў, што гэта было памылкай.