Міністар культуры Бондар: Я супраць адміністрацыйных захадаў па ўкараненьні беларускай мовы 

Міністар культуры Беларусі Юры Бондар

Міністар культуры Юры Бондар стаў госьцем перадачы «Нічога асабістага» на тэлеканале АНТ. Сярод іншага ён расказаў пра разьвіцьцё беларускай мовы.

Вядоўца Марат Маркаў спаслаўся на выступ Аляксандра Лукашэнкі на «Вялікай размове»: маўляў, Беларусь нічога ня страціла ад таго, што ёсьць дзьве дзяржаўныя мовы, — нагадвае «Наша Ніва». Тым ня меней, «некаторыя суседзі» з заклапочанасьцю ставяцца да таго, што ў краіне падтрымліваецца беларуская мова, і ўспрымаюць гэта ледзь не як праяву нацыяналізму.

«Гэтае пытаньне ляжыць у плоскасьці грамадзкай сьвядомасьці, якая не мяняецца хутка, — адказаў міністар Бондар. — Мы тады загаворым па-беларуску, калі адчуем у гэтым патрэбу. Рэвалюцый не патрэбна. Я катэгарычна супраць адміністрацыйных мераў па ўкараненьні беларускай мовы, мы гэта прайшлі ў пачатку 1990-х. Калі я працаваў ва ўнівэрсытэце, знайшоў у рэктарскім архіве дакумэнт зь Міністэрства культуры, дзе адзначалася: вельмі марудна ідзе ўкараненьне беларускай мовы ў навучальны працэс».

Марат Маркаў

Марат Маркаў сказаў, што пастанавіў раз на месяц праводзіць на АНТ навінны і ранішні эфір на беларускай мове і ў пэрспэктыве такую практыку пашырыць. Але пытаньне — ці ёсьць у Мінкульту плян для падтрымкі вырабу кіна- і відэакантэнту на беларускай мове — так і засталося без адказу.

Юры Бондар спаслаўся на лічбы, зь якіх вынікае, што за апошнія 20 гадоў 40% стужак было выпушчана па-беларуску, калі ўлічваць анімацыю, мастацкае і дакумэнтальнае кіно.

«Я не скажу, што ў нас у краіне мала робіцца для падтрымкі беларускай мовы. Гэта ў тым ліку беларускамоўны рэпэртуар нашых тэатраў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, сучаснай беларускай драматургіі, Тэатру юнага гледача. Яны маюць 100% рэпэртуару на беларускай мове, пастаноўкі праходзяць пры поўным аншлягу», — пераказвае чыноўніка «Наша Ніва».