Аляксандар Лукашэнка 16 красавіка пачаў афіцыйны візыт у Турэччыну. Пра гэта паведамляе прэзыдэнцкая прэсавая служба.
У Анкары заплянаваныя ягоныя перамовы з турэцкім прэзыдэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Сустрэчы пройдуць у вузкім і пашыраным фарматах з удзелам афіцыйных дэлегацый.
Бакі плянуюць абмеркаваць палітычныя пытаньні і разьвіцьцё гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяньня. Асаблівая ўвага будзе адведзеная інвэстыцыйнаму супрацоўніцтву і захадам у забесьпячэньні збалянсаванага гандлю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што яны з Эрдаганам называюць адзін аднаго братаміНапярэдадні афіцыйнае турэцкае інфармацыйнае агенцтва Anadolu апублікавала інтэрвію з Лукашэнкам. Сярод іншага ён расказаў пра свае ўзаемаадносіны з Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, які кіруе краінай ад 2003 году — спачатку на пасадзе прэм’ера, а пасьля прэзыдэнта.
«Мы называем адзін аднаго братамі, гэта была ініцыятыва Рэджэпа Эрдагана, — заявіў Лукашэнка. — Я называю яго сваім сябрам. Па-рознаму. Але заўсёды, як блізкія, можна сказаць родныя, людзі».
Аляксандар Лукашэнка дадаў, што чакае паміж Беларусьсю і Турэччынай такіх жа цёплых і сяброўскіх стасункаў, як, напрыклад, з Расейскай Фэдэрацыяй.