Пажарныя ня ўпэўнены, што здолеюць уратаваць паўночную вежу сабора Парыскай Божай Маці

Парыская пажарная служба ня ўпэўненая, што здолее стрымаць пашырэньне пажару ў саборы Парыскай Божай Маці. Як паведамляе агенцтва Frence Presse, пра гэта сказаў журналістам прадстаўнік службы на месцы падзеі.

«Мы ня ўпэўненыя, што здолеем утрымаць пашырэньне полымя да паўночнай званіцы. Калі яны абрынецца, можаце сабе ўявіць маштаб пашкоджаньняў», — сказаў генэрал Жан-Клёд Гале. Ён дадаў, што з полымем змагаюцца 400 пажарных.

Пад вечар 15 красавіка ў саборы Парыскай Божай Маці пачаўся моцны пажар. Абрынуўся шпіль будынка.

Паводле прэсавага прадстаўніка сабора Андрэ Фіно, полымя знішчыла ўсе драўляныя канструкцыі, якія падтрымлівалі дах.

Прычыны пажару пакуль невядомыя. Тэлеканал France 2 паведаміў, што паліцыя разглядае пажар як ненаўмысны.

Цяпер у саборы якраз ішлі рамонтныя работы. Агенцтва France Presse паведаміла са спасылкай на пажарную службу, што пажар можа быць зьвязаны з рамонтам.

Дэпартамэнт паліцыі Парыжу ў твітэры заклікаў жыхароў пазьбягаць навакольляў здарэньня і «вызваліць месца для аварыйна-выратавальных транспартных сродкаў».

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон скасаваў заплянаваную на сёньня тэлевізійную прамову і накіраваўся на месца здарэньня. «Як і ўсім маім суайчыньнікам, мне сумна бачыць, як сёньня ўвечары гарыць частка нас», — напісаў францускі прэзыдэнт на сваёй старонцы ў Твітэры. Ён выказаў салідарнасьць з «усімі каталікамі і ўсімі французамі».

Мэр Парыжу Ана Ідальго ўжо назвала пажар «жахлівым». На сваёй старонцы ў Твітэры яна папрасіла жыхароў паважаць кардон бясьпекі каля месца здарэньня.

Сабор Парыскай Божай Маці — адзін з найбольш вядомых у сьвеце помнікаў архітэктуры. Штогод яго наведваюць 13 мільёнаў чалавек.