Пад вечар 15 красавіка ў саборы Парыскай Божай Маці пачаўся моцны пажар. Абрынуўся шпіль будынку.
Паводле прэсавага прадстаўніка сабору Андрэ Фіно, полымя знішчыла ўсе драўляныя канструкцыі, якія падтрымлівалі дах.
Прычыны пажару пакуль невядомыя. Тэлеканал France 2 паведаміў, што паліцыя разглядае пажар як ненаўмысны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пажарныя ня ўпэўнены, што здолеюць уратаваць паўночную вежу сабора Парыскай Божай МаціЦяпер у саборы якраз ішлі рамонтныя работы. Агенцтва France Presse паведаміла са спасылкай на пажарную службу, што пажар можа быць зьвязаны з рамонтам.
Дэпартамэнт паліцыі Парыжу ў твітэры заклікаў жыхароў пазьбягаць навакольляў здарэньня і «вызваліць месца для аварыйна-выратавальных транспартных сродкаў».
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон скасаваў заплянаваную на сёньня тэлевізійную прамову і накіраваўся на месца здарэньня. «Як і ўсім маім суайчыньнікам, мне сумна бачыць, як сёньня ўвечары гарыць частка нас», — напісаў францускі прэзыдэнт на сваёй старонцы ў Твітэры. Ён выказаў салідарнасьць з «усімі каталікамі і ўсімі французамі».
Мэр Парыжу Ана Ідальго ўжо назвала пажар «жахлівым». На сваёй старонцы ў Твітэры яна папрасіла жыхароў паважаць кардон бясьпекі каля месца здарэньня.
Сабор Парыскай Божай Маці — адзін з найбольш вядомых у сьвеце помнікаў архітэктуры. Штогод яго наведваюць 13 мільёнаў чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 фактаў пра сабор Парыскай Божай Маці, дзе адбыўся пажар