Праблемы з доступам да Facebook цягнуліся дзьве з паловай гадзіны.
У працы трох сацыяльных сетак — Facebook, Instagram і WhatsApp — у нядзелю адбыўся збой. Паводле дадзеных сайта Downdetector.com, які адсочвае адключэньне інтэрнэт-рэсурсаў, збоі пачаліся ў 12:30 паводле менскага часу і закранулі многія раёны сьвету. Тысячы паведамленьняў пра праблемы з доступам паступілі, у асноўным, з паўночнага ўсходу ЗША, з Эўропы і зь Філіпін.
Нармальная праца сацыяльных сетак для большасьці карыстальнікаў, мяркуючы па ўсім, была адноўленая праз 2,5 гадзіны.
Агенцтва Associated Press накіравала ў Facebook ліст з просьбай пракамэнтаваць прычыны збою. Facebook набыў Instagram у 2012 годзе, а WhatsApp — у 2014-м.
Хэштэгі #FacebookDown, #instagramdown і #whatsappdown выйшлі ў трэнды ў «Твітэры».
На сайце Facebook гаворыцца, што колькасьць актыўных штодзённых карыстальнікаў сацыяльнай сеткі перавышае 1,52 мільярда.