Каб вадзіць прэзыдэнцкі аўтамабіль, трэба бездакорна выконваць самыя складаныя манэўры. Гэта значна больш, чым проста контрааварыйнае кіраваньне. Тут гэта называюць «ахоўным кіраваньнем», у якога толькі адна задача:
«Як мага хутчэй вывезьці пасажыра зь небясьпечнай зоны — зоны паразы, можна сказаць, — у бясьпечнае месца», — тлумачыць асыстэнт кіруючага спэцагента Сакрэтнай службы ЗША Томас Мурач.
Усе агенты і афіцэры Сакрэтнай службы праходзяць пяцідзённы курс кіраваньня на 550-мэтровым трэку. Але нават гэтага недастаткова, каб сесьці за руль прэзыдэнцкага лімузына, які называюць «Кадылак нумар адзін» ці «Зьвер». Каб кіраваць гэтым дзевяцітонным браніраваным аўтамабілем, спатрэбіцца дадатковая падрыхтоўка.
Яшчэ больш складаным лічыцца курс ваджэньня матацыклаў, якія суправаджаюць картэж.
«Ён цяжкі, амаль 400 кіляграмаў. А колы ўсяго два. Аднак на ім вучаць рабіцт рэчы, якія вы нават уявіць сабе ня можаце», —кажа афіцэр тэхнічнай службы Ламас Лойд.
Your browser doesn’t support HTML5
Але гэта не адзіныя двухколавыя машыны Сакрэтнай службы. Агенты і афіцэры павінны ўмець вадзіць усюдыходы і нават электрычныя гольф-мабілі. Акрамя «Зьвера» існуе яшчэ і прэзыдэнцкі аўтобус — сухапутны «Борт № 1».
Паколькі ў розных краінах па-рознаму афармляецца край ходніка, на трэніровачнай пляцоўцы зробленыя два тыпы бардзюраў, каб кіроўцы пазадарожнікаў вучыліся правільна іх пераадольваць.
Навучаньне вадзіцеляў Сакрэтнай службы пачалося толькі ў 1970 годзе. Ад тых часоў машыны сталі больш складанымі, і гэта адбілася на праграме.
«Раней мы вучыліся так званаму парогаваму тармажэньню. Калі машына не абсталяваная сыстэмай антыблякаваньня, тармазіць трэба так, каб колы былі на мяжы блякаваньня», —успамінае Томас Мурач.
Машыны сталі больш дасканалымі, і некаторыя элемэнты былі выключаныя з праграмы, напрыклад, зьвязаныя з устойлівасьцю або счапленьнем шын на вільготнай дарозе.
Навучаньне ваджэньню па перасечанай мясцовасьці часткова праходзіць у клясе. Падрыхтоўка да асобных падзеяў патрабуе доўгіх рэпэтыцыяў — напрыклад, інаўгурацыя прэзыдэнта, падчас якой лімузын едзе павальней, чым звычайна, што становіцца дадатковым фактарам рызыкі.
Сакрэтная служба ахоўвае ня толькі прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта і членаў іх сем’яў, але і былых прэзыдэнтаў і іх жонак, а таксама замежных лідэраў, якія знаходзяцца зь візытам, і асноўных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах.
Кіроўцы Сакрэтнай службы — найважнейшая падушка бясьпекі для высокапастаўленых пасажыраў.