Салдата знайшлі ва Ўруччы на газоне пад казармай. Ён у штучнай коме

Мінчанцы Наталіне Макаед паведамілі з вайсковай часткі ва Ўруччы, што яе сын Андрэй, які служыў сувязістам у 120-й асобнай мэханізаванай брыгадзе, трапіў у шпіталь і ўведзены ў стан штучнай комы, у яго сур’ёзныя ўнутраныя пашкоджаньні, паведамляе onliner.

Паводле папярэдняй інфармацыі, Андрэй упаў з вышыні. Пры якіх абставінах — Наталіна ня ведае. Ёй паведамілі, што нібыта сын упаў з 4-га паверху казармы.

Жанчына была ў шпіталі, дзе лекары ратуюць маладога чалавека. Сын у стабільна цяжкім стане, у мэдыкамэнтознай коме. Яму выдалілі частку падстраўнікавай залозы і цалкам селязёнку.

— Учора да мяне дадому прыяжджаў камандзір, я ўжо ня ведаю, хто ён, як клічуць, — не да таго, — кажа Наталіна. — Прасіў прабачэньня — і ўсё. Сказаў толькі, што ніхто ня ведае, што адбылося: падзеньне з вышыні — і ўсё.

У прэс-службе Міністэрства абароны пацьвердзілі, што 13 красавіка каля 9:30 у 120-й асобнай мэханізаванай брыгадзе траўмаваны малады салдат. Вядома, што хлопца, які ляжаў на газоне, знайшлі калегі. Міністэрства сумесна са Сьледчым камітэтам высьвятляе абставіны.

— Вайсковая частка не дае ніякай інфармацыі і блытаюць розныя вэрсіі, — паскардзілася маці салдата сайту tut.by. — Хтосьці нічога ня кажа, хтосьці ня ведае патрэбных тэлефонаў. Толькі прабачэньні прыносяць, і калі патрэбна нейкая дапамога, то кажуць зьвяртацца. Але гэта і ўсё ў прынцыпе. У мяне такое адчуваньне, што яны проста замятаюць сьляды злачынства нейкага.

Да Наталіны Макаед сёньня прыяжджаў намесьнік міністра абароны, а таксама саслужывец сына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Коржыч тры гадзіны гутарыла зь міністрам абароны Андрэем Раўковым. Пра што яны гаварылі


Андрэй вырас у шматдзетнай сям'і, ён старэйшы з чатырох братоў. Ды прызыву ў войска працаваў газаэлектразваршчыкам на «Беларуськаліі».

— У нас добрая сямʼя, у сына ёсьць дзяўчына, зь ёй таксама выдатныя адносіны. Сам ён спакойны, ураўнаважаны. Прызвалі яго мінулай восеньню, служыў нармальна... Кожныя выходныя мы прыяжджалі да Андрэя ў частку, жывем непадалёк. А ў гэты раз ён рыхтаваўся да звальненьня ў нядзелю, — расказвае Наталіна Макаед. Перадумоваў да нечага кепскага яна ня бачыла.