Ва ўрочышчы Курапаты 14 красавіка прайшоў малебен у абарону народнага мэмарыялу.
Паводле інфармацыі абаронцаў урочышча, 13 красавіка тут было зьнесена 24 мэталічных крыжоў, устаноўленых у 2017 годзе на грошы, сабраныя праз краўдфандынг, прадстаўнікамі грамадзкасьці. Крыжы былі зьнесеныя падчас работ па «добраўпарадкаваньні» урочышча, якія напярэдадні праводзілі прадстаўнікі БРСМ, «Белай Русі», прафсаюзаў і вэтэранскіх арганізацыяў.
Удзел у сёньняшняй малітве ўзялі каля 50 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу «Курапаты». Так, у малітве ўдзельнічалі Ганна Шапуцька, Алесь Марачкін, Ніна Багінская, Вячаслаў Сіўчык і іншыя.
Службу правёў сьвятар некананічнай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Вікенці.
За падзеямі назіралі некалькі супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным.
На мінулых выходных апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч заклікаў беларусаў выходзіць кожную нядзелю на малітоўныя сходы, каб памаліцца за нявінна забітых у Курапатах. 14 красавіка да Сьвята-Духава катэдральнага сабору ў Менску прыйшло каля 10 грамадзянаў і ня менш за 15 міліцыянтаў у цывільным.
Пратэстоўцы пастаялі каля 15 хвілінаў насупраць сабору і разыйшліся. Акцыя скончылася без затрыманняў.
На папярэднюю акцыю каля Сьвята-Духава сабору на сталічнай плошчы Свабоды сабралася каля 200 чалавек. Мікалая Статкевіча (адзін зь лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу) тады прэвэнтыўна затрымалі і пакаралі арыштам на 15 сутак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у цэнтры Менску маліліся за Курапаты. ВІДЭАБНК заклікаў беларусаў сабрацца ў панядзелак 15 красавіка а 18:00 каля адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 150 чалавек у Курапатах узялі ўдзел у малітве за вяртаньне дэмантаваных крыжоў. ФОТА