Галава Каталіцкага касьцёла ў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў адказных за знос крыжоў у Курапатах спыніць «сьвятатацтва» і пры допраўпарадкаваньні ўрочышча ўлічваць меркаваньне грамадзтва.
Сёньня, падчас «суботніка», у Курапатах у чарговы раз былі зьнесеныя крыжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Курапатах зьнесьлі мэталічныя крыжы, што стаялі ўздоўж МКАД. ФОТАУ звароце на сайце catholic.by арцыбіскуп канстатуе, што голас Касьцёла і Праваслаўнай Царквы, іншых хрысьціянскіх веравызнаньняў, а таксама шматлікіх прадстаўнікоў грамадзтва становіцца голасам таго, хто кліча ў пустыні.
Ён нагадаў, што знос крыжоў адбываецца падчас Вялікага Посту.
«Гэтае сьвятатацтва адбываецца напярэдадні Пальмовай нядзелі, якую заўтра адзначаюць вернікі Каталіцкага Касьцёла. Мы радуемся атрыманай свабодзе веравызнаньня, аднак яна пазначана крыжом і духоўнымі цярпеньнямі, аб чым нагадвае гісторыя Курапатаў, дзе сёньня зносяцца крыжы, усталяваныя на месцы пахаваньня шматлікіх нявінна забітых». – лічыць мітрапаліт.
«Ніхто ня ставіць пад пытаньне таго, што тэрыторыя Курапатаў павінна быць добраўпарадкавана. Але пры гэтым неабходна ўлічваць меркаваньне грамадзтва і асабліва вернікаў, каб не дапусьціць зьнявагі Крыжа».
Мітрапаліт Кандрусевіч зьвярнуўся да адказных за знос крыжоў з заклікам:
«Спыніце «крыжалом», каб шляхам дыялёгу з грамадзтвам і рэлігійнымі арганізацыямі вырашыць набалелую праблему і будаваць у нашай Бацькаўшчыне цывілізацыю міру і згоды».